RFE/RL |
Пятніца, 20 Кастрычніка 2000 |
Сёньня: |
Гарадзенскімі ўладамі прынята рашэньне адсьвяткаваць 200-я ўгодкі ўтварэньня Гарадзенскае губэрні. Узьнікла яна паводле ўказа цара Аляксандра І. Цяперашнімі ўладамі пакуль толькі створаны аргкамітэт, які ўзначаліў старшыня абласнога выканкаму Аляксандар Дубко. Зараз чыноўнікі думаюць, як адзначыць гэткую падзею. Ёсьць, напрыклад, задума стварыць партрэтную галярэю ўсіх царскіх губэрнатараў і старшыняў абласнога выканкаму савецкага часу. Зрэшты, час ёсьць. Угодкі будуць адзначацца ажно ў верасьні наступнага году. Хаця, як звычайна ў падобных выпадках, існуе некаторая блытаніна. У 1801 годзе цар падзяліў Літоўскую губэрню на Віленскую і Слонімскую. А ўжо Слонімская праз год была пераназваная ў Гарадзенскую. Але Слонімшчына сваю дату ўжо адзначыла — калі напачатку года ўлады сьвяткавалі гадавіну заснаваньня раёнаў пасьля далучэньня Заходняе Беларусі да БССР. Гэтая тэндэнцыя — праводзіць урачыстасьці з нагоды розных савецкіх і царскіх угодкаў яшчэ больш узмацняецца. Напрыклад, некалькі гадоў таму ўлады забаранілі адзначыць 500-годзьдзе наданьня Горадні Магдэбургскага права й славутага герба з аленем сьвятога Губэрта на шчыце. Затое было адзначана 120 гадоў з часу пракладкі царскімі ўладамі ў горадзе вадаводных рынаў. Хаця першы вадавод існаваў у Горадні з 1541 году… Старшыні абласнога выканкама Дубко вельмі падабаецца, калі яго называюць губэрнатарам. Ён неаднаразова заяўляў, што яго любімым дзяячом зьяўляецца царскі гарадзенскі губэрнатар Сталыпін. Дубко нават публічна цытаваў Сталыпіна наконт таго, што «нам, — маўляў, — патрэбная моцная Расея». Дарэчы, гарадзкі выканкам яшчэ раней замовіў аднаму мастаку партрэтную галярэю вялікіх гарадзенскіх дзяячоў. Публіка, якая прыйшла на яе адкрыцьцё, была непрыемна ўражана, убачыўшы сярод вялікіх князёў і каралёў усё таго ж Сталыпіна. Нядаўна адбылася ўрачыстасьць заснаваньня цяперашняе абласное бібліятэкі імя акадэміка Карскага, якой 170 гадоў. Адзін сталічны чыноўнік, з удзячнасьцю ўзгадваючы пра царскага губэрнатара, пры якім адкрылася бібліятэка, правёў паралель у сёньняшні дзень, назваўшы Дубко «генэрал-губэрнатарам». Як кажуць, «абвержаньня не прагучала». Хаця пасада генэрал-губэрнатара была вышэйшаю за проста губэрнатарскую. Але што пра гэта казаць, калі й губэрняў у нас, пакуль што яшчэ, дзякуй Богу, няма. Сяргей Астраўцоў, Горадня
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |