Сёньня прадстаўніцтва ЗША ў АБСЭ выпусьціла адмысловую заяву ў справе
выбараў у краінах АБСЭ. Мы таксама атрымалі тэкст прамовы прадстаўніка
ЗША ў Арганізацыі бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе Джорджа Ўорда на
канфэрэнцыі АБСЭ па чалавечым вымярэньні, якая адбываецца ў Варшаве,
у якой ён закрануў сытуацыю ў Беларусі.
У прамове, у прыватнастьці, згадаваюцца апошнія падзеі ў Югаславіі й
выказваецца надзея на тое, што новы ўрад там будзе дзейнічаць з павагай
да вяршэнства закону і дэмакратычных ідэалаў ды асабістых правоў чалавека.
“У адрозьненьне ад Югаславіі, – гаворыцца далей у тэксьце ліста, –
улады Беларусі працягваюць дзейнічаць далёка не ў кірунку дэмакратыі
і вяршэнства закону, парушаючы забавязаньні АБСЭ.
Парлямэнцкія выбары ў нядзелю адбыліся ў атмасфэры страху. Беларускія
ўлады не дасягнулі аніякага прагрэсу у справе выкананьня чатырох крытэрыяў,
прынятых канфэрэнцыяй АБСЭ у якасьці ўмовы для міжнароднага назіраньня
за выбарамі. Гэта павага да правоў чалавека і спыненьне запалохваньня;
доступ апазыцыі да дзяржаўных мэдыяў; дэмакратычнае выбарчае закандаўства
і наданьне рэальнай улады новаму парлямэнту.
Замест гэтага цягам апошніх месяцаў перад выбарамі рэжым Аляксандра
Лукашэнкі вёў кампанію перасьледу супраць дэмакратычнай апазыцыі і незалежных
мэдыяў. Гэта выявілася і ў адсутнасьці прагрэсу ў пошуках некалькіх вядомых
зьніклых палітыкаў, у тым ліку Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, а таксама
журналіста Зьміцера Завадзкага”.
Сёньня ж прадстаўніцтва ЗША ў АБСЭ выпусьціла адмысловую заяву ў справе
выбараў у краінах Арганізацыі.
У заяве адзначаецца, што апошнім часам выбары ў чатырох краінах выклікалі
найбольшую занепакоенасьць ураду ЗША. Гэта выбары ў Беларусі, Азэрбайджане
і Кыргызтане, а таксама летась – у Казахстане.
Урад Лукашэнкі пастаянна парушаў чатыры умовы, выпрацаваныя тройкай,
– гаворыцца ў дакумэнце. Без выкананьня гэтых умоваў галасаваньне ў Беларусі
ня можа быць законным альбо дэмакратычным.
|