RFE/RL |
Чацьвер, 19 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
Напярэдадні прыезду ў Беларусь новага амбасадара ЗША Майкла Козака ды пасьля непрызнаньня Вашынгтонам вынікаў выбараў 15 кастрычніка афіцыйны Менск распачаў антыамэрыканскую кампанію, але сам Лукашэнка спрабуе яе прыглушыць. Пасьля заяваў Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША пра несапраўднасьць выбараў 15 кастрычніка першы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімер Замяталін заявіў агэнцыі “Интерфакс”, што Беларусь, цытую, “можа скарыстаць сваё законнае права зьвярнуцца ў міжнародны суд з пазовам да шэрагу дзяржаўных чыноўнікаў ЗША за сыстэматычныя палітычныя правакацыі, якія арганізуюцца супраць Рэспублікі ды ейнага народу”. Спадар Замяталін назваў ілжывымі сьцьверджаньні намесьніка прэсавага сакратара Дзяржаўнага дэпартамэнту пра тое, што беларускіх грамадзянаў прымушалі галасаваць, ды параўнаў дзеяньні прадстаўнікоў ЗША з мэтодамі, што ўжываў у СССР Сталін у часе масавых рэпрэсіяў 1937 году. “Але не ў маштабах аднае краіны, а ў маштабах усяе плянэты”, — адзначыў, як піша “Интерфакс”, галоўны ідэоляг адміністрацыі. Але сам Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію групе адабраных журналістаў заклікаў урад Беларусі проста не зьвяртаць увагі на выказваньні дробных чыноўнікаў. “Калі нейкі намесьнік прэсавага сакратара дзярждэпартамэнту нешта прамовіў, на гэта проста ня трэба рэагаваць”, — заявіў спадар Лукашэнка. Прызначаны ім у свой час намесьнікам міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў пракамэнтаваў лукашэнкаў заклік гэтак: (Саньнікаў: ) “Ён не ўсьведамляе сабе, што калі намесьнік ці не намесьнік кажа, то гэта зьяўляецца пунктам погляду не прадстаўніка, а той дзяржаўнай установы, якую ён прадстаўляе. У дадзеным выпадку – Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША”. Сказаў Андрэй Саньнікаў, міжнародны каардынатар “Хартыі-97”. Хаця Аляксандар Лукашэнка паабяцаў не займацца інфармацыйным бамбаваньнем і дэманізацыяй ЗША і ўсяго Захаду, ён усё ж заявіў, што як жыхары былога СССР, гэтак і амэрыканцы “запраграмаваныя на ўсясьветную рэвалюцыю і да ўсяго маюць справу”. Камэнтар спадара Саньнікава: (Саньнікаў: ) “Гэта добра, што амэрыканцам зараз ёсьць справа да Беларусі і да таго, што адбываецца зараз у Беларусі. Яны запраграмаваныя не на рэвалюцыю, а на дэмакратызацыю, бо зараз відавочна, што толькі дэмакратычнае грамадзтва можа дасягнуць чаго-небудзь, перш за ўсё ў эканоміцы. Добра што ёсьць такая зацікаўленасьць з боку дэмакратычных краінаў Эўропы (Карэспандэнт: ) “Заўтра ў Менск прыяжджае новы амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак. Чаго вы чакаеце ад новага амбасадара?” (Саньнікаў: ) “Мы вітаем прыезд новага пасла, бо заўсёды віталі і падтрымлівалі, каб у Беларусі ўстановы замежных дзяржаваў былі менавіта амбасадамі і ўзначальваліся пасламі. І адсутнасьць пасла…Ну ў выпадку ЗША гэта было таму, што тэрмін спадара Спэкгарда скончыўся…Таму мы вітаем, калі пасол знаходзіцца ў краіне, бо гэта такі беспасрэдны канал інфармацыі для адпаведнай дзяржавы. А што мы чакаем? Мы чакаем таго, што пазыцыя Злучаных Штатаў будзе пацьверджаная, і спадар Козак будзе працаваць разам са сваімі эўрапейскімі краінамі на замацаваньне гэтай пазыцыі”. Гаварыў Андрэй Саньнікаў, былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі. Юры Сьвірко, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |