RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 19 Кастрычніка 2000

Сёньня:



Нечаканы працяг атрымала гiсторыя зь асьвячэньнем у Пружанскiм раёне помнiка паплечнiкам Кастуся Калiноўскага. Аднаго зь мясцовых выступоўцаў на адмысловым мiтынгу-рэквiему — Генадзя Сароку — абвiнавацiлi ў заклiку да байкоту выбараў i сёньня выклiкалi ў суд.

Нагодаю для суду над Генадзем Сарокам быў складзены на яго пратакол на падставе артыкулу 167-га часткi 3 Кодэксу адмiстрацыйных правапарушэньняў. Складальнiк гэтага пратаколу намесьнiк старшынi Пружанскага раёну Аляксандар Груздоў лiчыць, што пад час выступу на асьвячэньнi помнiка ўдзельнiкам паўстаньня пад кiраўнiцтвам Кастуся Калiноўскага, спадар Сарока заклiкаў грамадзянаў байкатаваць выбары.

Але на сёньняшнiм судовым паседжаньнi Генадзь Сарока паведамiў, што ў сваiм выступе на мiтынгу-рэквiеме, параўноўваючы падзеi, якiя адбывалiся пад час паўстаньня Калiноўскага зь цяперашнiм становiшчам у Беларусi, ён гаварыў, што ня пойдзе на выбары, бо ня лiчыць iх дэмакратычнымi.

Паводле словаў спадара Сарокi, нiякiх заклiкаў да байкоту ён не рабiў, але чыноўнiкi з раённага выканкаму настойвалi на тым, каб Сароку пакаралi на падставе адпаведнага артыкулу Адмiнiстрацыйнага кодэксу. У вынiку суд Пружанскага раёну абвесьцiў пра спыненьне справы з-за адсутнасьцi складу правапарушэньня.

Прадстаўнiкi мясцовых дэмакратычных арганiзацыяў успрымаюць рашэньне суду, як сваю сапраўдную перамогу яшчэ й зь iншае прычыны. Улады некалькi разоў адмаўлялi актывiстам Таварыства Беларускае Мовы iмя Францiшка Скарыны ў магчымасьцi аднавiць i асьвяцiць помнiк на вайсковым палiгоне каля Ружанаў.

Дарэчы, гэта адзiнае вядомае ў Беларусi месца, дзе пахаваныя паплечнiкi Кастуся Калiноўскага. Упершыню помнiк быў тут пабудаваны за гэтак званым польскiм часам i зьнiшчаны ў 1939 годзе пасьля прыходу Саветаў. Намаганьнямi сяброў БНФ i аб'яднаньня «Спадчына» аднавiць яго здолелi толькi напрыканцы 80-х, але прыкладна два гады таму помнiк зноў быў моцна пашкоджаны. Яго цяперашняе аднаўленьне ў дэмакратычным асяродзьдзi Пружанаў успрымаюць як добры знак i напамiн пра тое, што славутыя старонкi з гiсторыi роднага краю нiколi ня будуць забытыя.

Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org