RFE/RL |
Чацьвер, 19 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
17-18 ліcтапада ў Менску пройдзе Першы беларускі фэстываль недзяржаўнае прэсы. Беларуская Асацыяцыя журналістаў у рэшце рэшт здолела знайсьці памяшканьне для яго правядзеньня — Палац вэтэранаў, які належыць Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай. У Першым беларускім фэстывалі недзяржаўнае прэсы возьмуць удзел каля пяцідзесяці грамадзка-палітычных незалежных выданьняў. Арганізатар фэстывалю, Беларуская Асацыяцыя журналістаў, абяцае, што імпрэза стане сапраўднай падзеяй для беларускіх мас-мэдыяў. Распавядае віцэ-прэзыдэнт БАЖ Анатоль Гуляеў: (Гуляеў: ) “Дагэтуль нічога такога кшталту не адбывалася, каб уся недзяржаўная прэса разам сабралася, каб былі падведзеныя вынікі, каб былі адзначаныя лепшыя, каб былі абмеркаваныя шляхі далейшай работы”. Зазначыў Анатоль Гуляеў. Ён таксама распавёў пра перашкоды, якія чынілі ўлады, каб Першы беларускі фэстываль недзяржаўнае прэсы не адбыўся. (Гуляеў: ) “Як слухачы Радыё Свабода ўжо ведаюць, мы зьбіраліся гэты фэстываль праводзіць у Віцебску. Там мясцовыя ўлады з падачы прэзыдэнта адмовілі нам у памяшканьні. Мы шукалі іншае памяшканьне ў Менску, а гаспадар усіх памяшканьняў у Менску – гэта ўправа справамі адміністрацыі прэзыдэнта. І гэты гаспадар нас доўга вадзіў за нос, і ўрэшце нам у вуснай форме было адмоўлена ў апошнім памяшканьні, якое мы прасілі, – гэта Дом літаратара”. Распавёў спадар Гуляеў. Кіраўніцтва Беларускай Асацыяцыі журналістаў было блізкае нават да таго, каб наладзіць фэстываль за межамі Беларусі, у Беластоку. Але, як мяркуе Анатоль Гуляеў, гэта было б неэфэктыўна, бо ў Польшчы немагчыма наладзіць сустрэчы з чытацкай аўдыторыяй беларускіх недзяржаўных газэтаў і часопісаў. І ў рэшце рэшт памяшканьне для фэсту знайшлі — Палац вэтэранаў у Менску. “Ён зьяўляецца ўласнасьцю Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай, якая з павагаю ставіцца да недзяржаўнае прэсы, асабліва апошнім часам”, — зазначыў віцэ-прэзыдэнт БАЖ Анатоль Гуляеў. (Гуляеў: ) “Адзінае, што можа перашкодзіць, гэта калі за гадзіну да пачатку фэстывалю знойдуць бомбу. Ня бачу іншых магчымасьцяў, каб перашкодзіць нам”. Упэўнены спадар Гуляеў. Нагадаем, што Першы беларускі фэстываль недзяржаўнае прэсы адбудзецца 17-18 лістапада. Ганна Соусь, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |