RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 19 Кастрычніка 2000

Сёньня:



Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў Кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ ў Беларусі ў тым, што празь яе нібыта перадаваліся грошы на фінансаваньне масавых акцыяў беларускай апазыцыі.

18 кастрычніка на сустрэчы з журналістамі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з часу першых прэзыдэнцкіх да нядаўніх парлямэнцкіх выбараў, гэта значыць за шэсьць апошніх гадоў, Захад перадаў беларускай апазыцыі 118 мільёнаў даляраў. Пры гэтым, паводле ягоных словаў, большую частку атрымлівалі не шарагоўцы, а лідэры, — у прыватнасьці, быў названы старшыня АГП Анатоль Лябедзька, які паводле словаў Лукашэнкі, атрымліваў некалькі разавых грантаў па паўтары тысячы даляраў. Але самым сэнсацыйным у выказваньні Лукашэнкі было абвінавачваньне КНГ АБСЭ ў тым, што гэтыя грошы йшлі празь яе. Лукашэнка паведаміў журналістам, што ён, калі сустракаўся з парлямэнцкай “тройкаю”, асабіста папракаў амбасадара Ганса-Геога Віка за гэта.

Амбасадар Вік у інтэрвію нашаму радыё абверг падобныя заявы Лукашэнкі. Спадар Вік зазначыў, што гэтае пытаньне пра 70 тысячаў даляраў Лукашэнка зусім ня ставіў пад час апошняе сустрэчы з парлямэнцкай “тройкаю”. Адносна ж учорашняе прэсавае канфэрэнцыі Ганс-Георг Вік заявіў радыё Свабода:

“Прэзыдэнт спасылаецца на дыскусію, якую ён меў з парлямэнцкай “тройкаю” і дзе ўзьняў пытаньне фінансаваньня апазыцыі, таксама закрануўшы й некаторую нашую дзейнасьць… Я адказаў Лукашэнку пасьля гэтае сустрэчы (бо ня браў на ёй слова), што мы плацім заробкавую плату паводле кантракту любому чалавеку ў гэтай краіне, які прадпрымае пэўную дзейнасьць дзеля нашае працы тут. Я маю толькі адкрытыя грошы, ніякіх сакрэтных сумаў, я ня ўключаны ў ніякія пералічэньні… Пытаньне ж пра Маршы Свабоды магло паўстаць пад час гэтае сустрэчы, але гэта не датычылася КНГ АБСЭ”, — паведаміў Ганс-Георг Вік. Ён зазначыў таксама, што нічога ня ведае пра суму 118 млн даляраў, пра якую казаў Лукашэнка.

Увогуле Лукашэнка ўчора надзіва лёгка кідаўся абвінавачваньнямі й заявамі. У прыватнасьці ён казаў, што альтэрнатыўныя яму кандыдаты ў прэзыдэнты могуць проста не дажыць да прэзыдэнцкіх выбараў, калі яны ня будуць супрацоўнічаць зь ім…

Лукашэнка зазначыў, што ў яго проста рукі сьвярбяць перадаць усе факты ў “Советскую Белоруссию”, пасьля чаго апазыцыя можа “зьнікнуць як кляс”. Заўтра “Советская Белоруссия” павінна публікаваць падрабязную справаздачу з прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі.

Валер Каліноўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org