RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 19 Кастрычніка 2000

Сёньня



Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Магілеву пачалося судовае разьбіральніцтва канфлікту, які здарыўся на адным з выбрачых участкаў паміж незалежнымі назіральнікамі і прадстаўнікамі выбарчай камісіі і раённай вэртыкалі.

15 кастрычніка назіральнік Аляксандар Паўлоўскі дзяжурыў на выбарчым участку ў магілеўскай школе №26. У яго ўзьніклі праблемы з атрыманьнем прамежкавых дадзеных. Старшыня выбарчай камісіі, дырэктар школы Павал Макарчыкаў паводзіў сябе, паводле словаў Паўлоўскага, груба і нетактоўна. Акрамя гэтага назіральнік падазраваў, што старшыня, як і шэраг членаў участковай камісіі, знаходзіцца у нецьвярозым стане. Таму Паўлоўскі выклікаў мабільную групу ад грамадзкага аб’яднаньня “Гуманітарная ініцыятыва”, у склад якой уваходзіў Сяргей Абадоўскі, кіраўнік магілеўскага праваабарончага цэнтру. Ён і яшчэ тры чалавекі ў выніку размовы са спадаром Макарчыкавым у школьнай аўдыторыі склалі акт пра неадэкватныя паводзіны старшыні камісіі, ад якога ішоў сьпірытусовы пах. У адказ старшыня і намесьніца кіраўніка раённай адміністрацыі па ідэалёгіі выклікалі міліцыю і склалі пратакол аб адміністрацыйным парушэньні на Сяргея Абадоўскага, які, нібыта, перашкаджаў выбарчай камісіі працаваць.

Сёньняшняе судовае разьбіральніцтва абмежавалася толькі хадайніцтвамі па выкліку сьведкаў. Таму суд працягне разбор на наступным тыдні.

Марыя Ўсьціновіч, Магілеў


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org