RFE/RL |
Чацьвер, 19 Кастрычніка 2000 |
Сёньня: |
Своеасаблівыя харчовыя атрады зь ліку інспэктараў дзяржаўнага кантролю й спэцыялістаў абласных сельскагаспадарчых ворганаў накіроўваюцца зараз у калгасы й саўгасы Гомельскае вобласьці. Мэта адна — прымусіць вёску выканаць заказ на продаж збожжа дзяржаве. Дзьве групы інспэктараў камітэту дзяржаўнага кантролю і аблсяльгасхарчу правяралі сёньня засекі гаспадарак у Добрушскім і Кармянскім раёнах. На чарзе такія ж праверкі калгасаў і саўгасаў Жлобінскага, Калінкавіцкага ды шэрагу іншых сельскіх раёнаў. «Харчовыя атрады» трасуць вёскі з прычыны таго, што вобласьць агулам не дадала да дзяржаўнага заказу 18 тысячаў тонаў збожжа. І здарылася гэта, нягледзячы на афіцыйныя заявы пра тое, што сёлета ў рэгіёне сабрана яго на 163 тысячы тонаў болей, чым летась. Вось што, у прыватнасьці, кажа начальнік Добрушскага раённага сяльгасхарчу Пятро Цішкоў: «Збожжа ў нас ёсьць, але трэба, каб родная дзяржава грошы плаціла», — заявіў начальнік раённага сяльгасхарчу. Паводле словаў спадара Цішкова, Узоўскі й Навабеліцкі хлебакамбінаты ўжо больш за месяц ня могуць выплаціць гаспадаркам 102 мільёны рублёў за раней здадзенае дзяржаве збожжа. Цяпер, калі хто й хоча дадаткова адвесьці яго на хлебакамбінат, дык ня мае грошай на набыцьцё паліва. Яшчэ адна прычына ў тым, што далёка ня ўсе раёны маюць жыта ды пшаніцу ў наяўнасьці. 600 тысячаў тонаў валавога збору збожжа ў рэгіёне, пра які распавядаюць улады, гэта ўсяго толькі бункерная вага. Пасьля мінімальнай ачысткі яго становіцца на 10 адсоткаў меней. А каб атрымаць спраўнае харчовае збожжа ці насеньне, дык трэба адмінусаваць яшчэ 25-30 адсоткаў. Да таго ж шмат вырашчанага збожжа ў рэгіёне нельга скарыстоўваць на харчовыя мэты з-за прычыны моцнае забруджанасьці радыёнуклідамі цэзію і стронцыю. Яшчэ 30 тысячаў тонаў збожжа новага ўраджаю было аддадзена вяскоўцам у лік пагашэньня запазычанасьцяў у заробках, як таго патрабаваў сам кіраўнік дзяржавы. Атрымліваецца, што лішкаў збожжа ў большасьці раёнаў сапраўды няма. А калі мець на ўвазе даўгую зімоўку й патрэбу калгасаў у фуражы, дык стане зразумела, чаму вяскоўцы не жадаюць начыста выграбаць свае й без таго небагатыя засекі. Казімер Яноўскі, Гомель
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |