RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 18 Кастрычніка 2000

Сёньня



Лідэры аб’яднанай апазыцыі прынялі сёньня супольную заяву пра посьпех кампаніі “Байкот-2000”. На думку кіраўнікоў партыяў і арганізацыяў, што ўваходзяць у Каардынацыйную раду дэмакратычных сілаў, цяпер галоўнай задачаю апазыцыі становіцца перамога на прэзыдэнцкіх выбарах наступнага году.

Лідэры аб’яднанай апазыцыі правялі сёньня рабочую міжпартыйную нараду, пад час якой была прынятая заява з падзякаю грамадзянам, што прайгнаравалі выбары ў гэтак званую “Палату прадстаўнікоў”. Пасьля заканчэньня паседжаньня лідэр БНФ Вінцук Вячорка на просьбу нашага радыё агучыў гэтую заяву:

(Вячорка: ) “Нягледзячы на велізарныя намаганьні рэжыму Лукашэнкі, выбарчы фарс 15 кастрычніка закончыўся правалам, бо зьявілася менш чым палова выбаршчыкаў на ўчасткі, зафіксаваныя тысячы парушэньняў правоў чалавека, у тым ліку беспрэцэдэнтны ціск з ужыцьцём пагрозаў дзеля забесьпячэньня яўкі на ўчасткі, а гэта мусіць цягнуць за сабой крымінальнгую адказнасьць. Мы выказваем вялікую падзяку і віншаваньне ўсім людзям, што праявілі мужнасьць і пасьлядоўнасьць, вітаем пазыцыю міжнароднай супольнасьці ў ацэнцы выбараў 15 кастрычніка, якія ня могуць лічыцца ані свабоднымі, ані справядлівымі, ані міжнародна прызнанымі; падкрэсьліваем, што толькі кіраўніцтва Расеі падтрымала не беларускі народ, а лукашэнкаўскі рэжым, зазначаем, што наш народ ужо зрабіў, а міжнародная супольнасьць яшчэ зробіць высновы пра тых палітыкаў, што, называючы сябе дэмакратычнымі, заклікалі людзей падтрымаць лукашэнкаўскі выбарчы фарс і ўзялі ў ім удзел, ну а аб’яднаная дэмакратычная апазыцыя ў сваю чаргу мае намер замацоўваць дасягнуты байкотам палітычны посьпех і рыхтавацца да вырашальных падзеяў 2001 году”.

Заяву падпісалі прадстаўнікі БНФ, АГП, “Народнае Грамады”, Сацыял-Дэмакратычнае Грамады [Станіслава Шушкевіча], Партыі працы й Партыі жанчынаў “Надзея”, “Хартыі-97”, асамблеі няўрадавых арганізацыяў і Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Лідэры аб’яднанай апазыцыі таксама вырашылі дапамагчы ў падрыхтоўцы і ўзяць актыўны ўдзел у акцыях Фэдэрацыі прафсаюзаў, заплянаваных на лістапад. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Мы падтрымалі ініцыятыву беларускіх прафсаюзаў аб правядзеньні акцыі пад сацыяльна-эканамічнымі лёзунгамі ў лістападзе сёлета. Гэта насьпелая акцыя. Свой рэсурс мы гатовыя прадставіць. Я думаю, што акцыю, якую будуць арганізоўваць прафсаюзы, можа правесьці па такой схеме: спачатку ў Менску, потым у 22 гарадох 50-тысячніках, а пасьля ў кожным раённым цэнтры Беларусі. Прадстаўнікі тых партыяў, якія блізкія да прафсаюзаў, яны гэтую ідэю падтрымоўваюць. Акцыі патрэбныя ня толькі менчукам, трэба з акцыямі выходзіць за межы сталічнага кальца і працаваць з насельніцтвам у рэгіёнах”.

Паведаміў спадар Лябедзька.

Свае ж уласныя вулічныя акцыі прадстаўнікі аб’яднанай апазыцыі ў бліжэйшы час праводзіць не зьбіраюцца. Паводле словаў Анатоля Лябедзькі, ён і ягоныя калегі цяпер больш засяродзяцца на падрыхтоўцы да прэзыдэнцкае выбарчае кампаніі наступнага году.

Альгерд Невяроўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org