RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 18 Кастрычніка 2000

Сёньня



Учора ў ЗША прайшлі трэція і апошнія тэлевізыйныя дэбаты паміж кандыдатамі ў прэзыдэнты Джорджам Бушам і Альбэртам Горам.

Дэбаты маглі быць перанесеныя ў сувязі з тым, што якраз паблізу ад Сэнт-Луісу ў панядзелак вечарам загінуў у авіяцыйнай катастрофе губэрнатар штату Міссуры Мэл Карнэн. Дэбаты, як вядома, ўсё ж адбыліся, але на самым іх пачатку кандыдаты ў прэзыдэнты хвілінай маўчаньня ўшанавалі памяць загінулага губэрнатара.

Дэбаты адбываліся ў спартовай залі Ўнівэрсытэту імя Вашынгтона, і на іх былі запрошаныя 140 выбаршчыкаў, пераважна жыхары Сэнт-Луіса. Яны мелі магчымасьць задаць пытаньні, і абодва кандыдата мелі толькі па дзьве хвіліны на адказ. Пры гэтым вядучы меў права спыняць кандыдатаў, калі іх адказы былі даўжэйшыя.

Асноўныя тэмы, якія хвалявалі выбаршчыкаў, тычыліся аховы здароўя, адукацыі і сыстэмы сацыяльнага страхаваньня. Пры гэтым Альбэрт Гор падкрэсьліваў посьпехі клінтанаўскай адміністрацыі, Джордж Буш, наадварот, абвінавачваў дэмакратаў у бязьдзейнасьці. Абодва кандыдаты выступаюць за скарачэньне падаткаў, але пры гэтым Альбэрт Гор аддае перавагу асобам з сярэднімі даходамі, у той час як Джордж Буш лічыць неабходным аднолькавае стаўленьне да ўсіх сацыяльных групаў.

Толькі два пытаньня тычыліся аспэктаў міжнароднай палітыкі, а менавіта крызісу на Бліжнім Усходзе і скарыстаньня амэрыканскіх вайскоўцаў ў міратворчых апэрацыях па-за межамі ЗША. Абодва кандыдаты лічыць, што Амэрыка павінна выкарыстоўваць свой аўтарытэт у мэтах усталяваньня міру.

Так, Джордж Буш заявіў наступнае:

“Трэба, каб было ясна і відавочна, разуменьне і сябрамі, і апанэнтамі, што калі Амэрыка нешта сказала, яна гэта зробіць”.

А вось што сказаў Алан Гор:

“Злучаныя Штаты павінны быць моцнымі, каб падтрымліваць мір, бясьпеку і стабільнасьць, і гэта вымагае моцнай арміі.”

Джордж Буш адзначыў, што Ізраіль застаецца сябрам Амэрыкі, але пры гэтым ЗША павінна падтрымліваць добрыя стасункі з арабскім сьветам. Ён скрытыкаваў клінтанаўскую адміністрацыю за неэфэктыўнасьць дзеяньняў у адносінах да Садама Гусэйна, які застаеца фактарам пагрозы на Бліжнім Усходзе.

Альбэрт Гор адзначыў складанасьць сытуацыі на Бліжнім Усходзе, але заявіў, што прэзыдэнт Клінтан і ягоныя дарадцы пад час перамоваў у Шарм-эш-Шэйхе зрабілі вельмі шмат для мірнага працэсу.

Дарэчы, паводле апытаньня газэты “Крысчэн сайенс манітор”, у тым выпадку, калі б ЗША давялося непасрэдна ўмяшацца ў вайсковы канфлікт, 48 адсоткаў рэспандэнтаў хацелі б бачыць на пасадзе кіраўніка дзяржавы Буша, і толькі 42 адсоткі – Гора.

Можна было заўважыць, што на гэтых, трэціх і апошніх перадвыбарчых дэбатах, канкурэнты абралі больш агрэсыўную манэру паводзінаў. Адразу пасьля дэбатаў тэлекампанія CNN, газэта USA Today правялі апытаньне тэлегледачоў: паводле 46 адсоткаў, перамогу ў спрэчцы атрымаў Гор, паводле 44 адсоткаў – Буш. Розьніца, як бачым, вельмі нязначная.

Праўда, у выніку дэбатаў Гор скараціў сваё адставаньне ад Буша: калі раней Буш апярэджваў яго на 8 адсоткаў, дык сёньня – на 3 адсоткі. Але гэта можа быць часовым посьпехам: так, Гор быў прызнаны пераможцам у другіх тэледэбатах, аднак праз некалькі дзён ягоны рэйтынг ўпаў.

Да выбараў застаюцца тры тыдні; ніводны кандыдат ня мае відавочнай, гарантаванай перавагі; у любы дзень фаварыт можа зьмяніцца.

Ва ўмовах, каля розьніца паміж кандыдатамі можа скласьці адну адсотку ці нават яе палову, лічаць назіральнікі, на вынік можа паўплываць своеасаблівая сыстэма падліку галасоў у ЗША. Справа ў тым, што, на падставе галасоў выбаршчыкаў ўлічваюцца яшчэ і так званыя галасы, якія мае кожны штат. Колькасьць галасоў супадае з колькасьцю кангрэсмэнаў і сэнатараў, якіх мае штат. Да прыкладу, Каліфорнія мае іх больш, чым Нью-Гэмпшыр. У такой сытуацыі кандыдат можа набраць на некалькі тысячаў галасоў болей за суперніка, але тое, што супернік, напрыклад, перамог у Каліфорніі і, адпаведна, мае больш галасоў “ад штату”, можа даць яму прэзыдэнцкую пасаду.

Зрэшты, гэта тэарэтычнае меркаваньне. Практычна ж яго спраўдзіць можна будзе толькі пасьля 7 лістапада.

Сяргей Навумчык, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org