RFE/RL |
Серада, 18 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
Сто тысячаў даляраў патрабуе спагнаць зь менскага АМАПу прадпрымальнік Аляксандар Шчурко, які быў зьбіты міліцыянтамі пад час першага Маршу Свабоды летась 17 кастрычніка. Пазоў Шчурко да АМАПу пачалі разглядаць ў Маскоўскім судзе Менску. Прадпрымальнік Аляксандар Шчурко на сёньняшні дзень адзіны зь дзясяткаў затрыманых і асуджаных пасьля перашага Маршу Свабоды, хто здолеў праз суд вышэйшай інстанцыі дамагчыся адмены незаконнага пакараньня. Год таму пяць сутак правёў Шчурко за кратамі ізалятару на вуліцы Акрэсьціна ў Менску, і вось у чэрвені гэтае пакараньне было прызнанае незаконным. Але прадпрымальнік на гэтым не спыніўся. Судовая цяжба мела вынікам тое, што цяпер у Маскоўскім судзе, нарэшце, разглядаецца ягоны пазоў да супрацоўнікаў менскага АМАПу. Усяго да адказнасьці можа быць прыцягнута восем чалавек. Прадпрымальнік запатрабаваў спагнаць зь іх за свае фізычныя і маральныя пакуты сто тысячаў даляраў. Спадар Шчурко сьцьвярждае, што год таму ён быў ня проста затрыманы міліцыянтамі як адзін з удзельнікаў несанкцыянаванага маршу ды адвезены ў ізалятар, дзе яго незаконна пратрымалі пяць дзён, але таксама вельмі жорстка зьбіты. Прычым зьбіты такім чынам, каб немагчыма было гэта даказаць. Адвакатка пацярпелага Вера Страмкоўская кажа: (Страмкоўская: ) “Ён быў вельмі цяжка зьбіты ў аўтобусе, калі яго ў гэты прыёмнік-разьмеркавальнік дастаўлялі, таму што яны усе гэтыя дзеяньні рабілі не ў прыёмніку-разьмеркавальніку, ні ў РАУСе, а па дарозе”. Паводле Страмкоўскай, праўдзівасьць словаў пацярпелага гатовыя пацьвердзіць у судзе сьведкі, якіх разам зь ім перавозілі ў ізалятар, і мінакі, што бачылі, як Шчурко затрымлівалі АМАПаўцы. Дарэчы, гэта адбылося побач з цыркам, у баку ад маршруту Маршу Свабоды. І яшчэ вельмі важны сьведка — лекар, які аглядаў пацярпелага пасьля адбыцьця пакараньня. На думку Страмкоўскай, судзьдзі Юрыю Шастакову, які разглядае справу, можа дапамагчы й відэастужка, зьнятая ў Партызанскім РАУСе, куды быў адпачатку дастаўлены Аляксандар Шчурко. На гэтай стужцы твар прадпрымальніка яшчэ безь сьлядоў зьбіцьця… (Страмкоўская: ) “Мы павінны выйграць гэтую справу, каб вінаватыя былі пакараныя, каб усё было даведзенае да такой кропкі, каб наогул сталі немагчымыя ў нашым грамадзтве такія дзеяньні”. Кажа адвакат Вера Страмкоўская, якая дапамагае прадпрымальніку Шчурко выйграць пазоў супраць АМАПаўцаў. Калі гэта ўдасца, Шчурко папоўніць сьпіс тых, каму ўдалося праз суд дамагчыся ад міліцыі грашовае кампэнсацыі за незаконныя затрыманьні. Тыдзень таму такую перамогу атрымалі Генадзь Міронаў і Алег Пронін зь Менску, на карысьць якіх суд Цэнтральнага раёну сталіцы пастанавіў спагнаць зь міліцыі 100 даляраў. Паводле беларускіх праваабарончых арганізацыяў, толькі за апошні год у нашай краіне безпадстаўна затрымлівалася да тысячы грамадзянаў, якіх міліцыя лічыла ўдзельнікамі акцыяў пратэсту. Алег Грузьдзіловіч, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |