RFE/RL |
Серада, 18 Кастрычніка 2000 |
Сёньня: |
Місія тэхнічных экспэртаў Бюро дэмакратычных ініцыятываў і правоў чалавека, якая 18 кастрычніка завяршае працу ў Менску, распаўсюдзіла прэсавы рэліз, у якім сьцьвярджаецца, што Бюро ня мае ніякіх дачыненьняў да высноваў, што зрабілі некаторыя мжнародныя назіральнікі, акрэдытаваныя пры Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі. Бюро таксама лічыць, што меркаваньне гэтых назіральнікаў адмыслова накіроўвалі ў пэўнае рэчышча… Сёньняшні прэсавы рэліз Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека стаў адказам на нядаўняе паведамленьне Міністэрства замежных справаў Беларусі, у якім сьцьвярджалася, што ў высновах больш чым 140 незалежных міжнародных назіральнікаў з 28 дзяржаваў адзначаны свабодны й справядлівы характар выбараў у “Палату прадстаўнікоў”. Адначасова МЗС абвінаваціў місію, што працавала ў Беларусі, у неаб’ектыўнасьці. У сваю чаргу Бюро дэмакратычных інстытутаў зьвяртае ўвагу грамадзкасьці на наступныя факты. Па-першае, бальшыня з акрэдытаваных пры ЦВК назіральнікаў прыехалі на запрашэньне беларускіх уладаў і прабылі ў Беларусі толькі некалькі дзён. Па-другое, у Бюро ёсьць інфармацыя, што ЦВК аплочвала або прапаноўвала аплаціць выдаткі за пражываньне ў гатэлі некаторых міжнародных назіральнікаў. Згадваюцца і іншыя факты, якія супярэчаць міжнародным стандартам. Напрыклад, у дзень выбараў Цэнтральная выбарчая камісія арганізоўваў супольныя аўтобусныя паездкі назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі. Без дазволу Бюро і ягонае менскае місіі ўся тая ж ЦВК раздала міжнародным назіральнікам спраўджальныя формы Бюро. А пасьля выбараў Цэнтральная выбарчая камісія дала для подпісу міжнародным назіральнікам загадзя падрыхтаваныя заявы са станоўчай ацэнкаю выбараў. Усе гэтыя факты даюць Бюро падставу заявіць пра тое, што “Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ ня мае ніякіх адносінаў да высноваў, што зрабілі некаторыя міжнародныя назіральнікі, думкамі якіх, як высьветлілася, маніпулявалі”. Бюро зьвяртае ўвагу й на тое, што ягоная місія працавала ў Беларусі на працягу месяца, а значыць, мела куды больш часу й магчымасьцяў ацаніць выбарчы працэс, чым госьці-назіральнікі. Уладзімер Глод, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |