RFE/RL |
Аўторак, 17 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
(эфір 16 кастрычніка) Сёньня ў Празе пачала працу пятая міжнародная канфэрэнцыя Форум-2000. Гэты прадстаўнічы форум, які адбываецца пад асабістым патранажам прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла, сёлета прысьвечаны тэме: “Адукацыя, культура і духоўныя каштоўнасьці ў эпоху глябалізацыі”. Напярэдадні ў Праскім градзе адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцьця, у якой ўзялі ўдзел Вацлаў Гавэл і прэзыдэнт японскай фундацыі Ніпон, што фінансуе сэрыю канферэнцыяў Форум. Хівлінай маўчаньня на знак памяці ўсіх ахвяраў канлфікту на Блізкім Усходзе пачаўся сёньняшні форум. Першая падобная канфэрэнцыя адбылася пяць гадоў таму паводле ініцыятывы былога канцлера ФРГ Гэльмута Шмідта і кіраўнікоў урадаў яшчэ 23 краінаў, якія падпісалі Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека. Адна з задачаў Форуму – прапаганда і разьвіцьцё прынцыпаў свабоды і адказнасьці, замацаваных у Дэклярацыі. Пра актуальнасьць гэтых прынцыпаў гаворыць хаця б той факт, што карэспандэнт Радыё Свабода Андрэй Бабіцкі, які быў фактычна рэпрэсаваны расейскімі спэцслужбамі за ягоныя рэпартажы з Чачні, і які быў запрошаны арганізатарамі Форуму, ня змог прыехаць у Прагу. Расейскія ўлады не выдаюць яму пашпарт. Пра гэта паведаміў, адкрываючы канферэнцыю, Вацлаў Гавал. Прэзыдэнт Чэхіі падкрэсьліў, што ў час глябалізацыі “мы павінныя прасякнуцца салідарнай адказнасьцю за лёс сьвету”. Само слова “глябалізацыя” увайшло ў шырокі ўжытак усяго 10 год таму, але сёньня ўжо няма ніводнай краіны, дзе б не адбываліся гарчыя дыскусіі вакол гэтай зьявы, – сказаў, адкрываючы сёньняшнюю дыскусію вядомы брытанскі сацыёляг, кіраўнік школы эканомікі ў Лёндане Энтані Гідэнс. Дыскусія адбываецца ня толькі ў навуковым сьвеце, але літаральна выплёскваецца на вуліцы. Нядаўнія бойкі ў Празе паміж праціўнікамі глябалізацыі з усяго сьвету і паліцыяй – чарговае гэтаму пацьверджаньне. Між тым, як адзначыў прафэсар Гідэнс, глябалізацыю нельга блытаць з глябальным рынкам альбо так званай культурай Кока-Колы. Яна нясе ня толькі дэструктыўныя зьмены, але й станоўчыя. Дастакова сказаць, што захаваньне навакольнага асяродзьдзя, за якое выступаюць удзельнікі згаданых дэманстрацыяў, немагчыма без глябалізацыі. Таксама і адукацыя, дзякуючы глябальным магчымасьцям новых камунікацыяў, становіцца даступным жыхарам найбяднейшых краінаў сьвету. Але як прымірыць працэс глябалізацыі і духоўныя каштоўнасьці кожнай нацыі, кожнай сям’і – вось галоўная тэма, якая хвалюе удзельнікаў Форуму-2000. У ім бяруць удзел, у прыватнасьці, духоўны лідэр Тыбету Далай-Лама і рок-кампазытар, сьпявак Пітэр Габрыэль, былы міністар замежных справаў Ізраілю Шымон Перэс і былы міністар юстыцыі Польшчы Ганна Сухоцкая, расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў і філёзаф-эканаміст зь Ярданіі прынц Гусэйн Бен-Талал. Чакаецца таксама прыезд на форум нобэлеўскага ляўрэата па літаратуры Эліе Візэля і кінарэжысэра Нікіты Міхалкова. А ў сераду раніцай у саборы Сьвятога Віта адбудзецца сумесная шматканфэсійная служба з удзелам далай-ламы, індуісцкага, мусульманскага і хрысьцяінскіх сьвятароў. Віталь Тарас, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |