RFE/RL |
Аўторак, 17 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
Вядома, што ў акругах, дзе балятаваліся лідэры трох апазыцыйных партыяў — Мікола Статкевіч, Сяргей Гайдукевіч і Сяргей Калякін — выбары не адбыліся. Чаго дамагліся гэтыя кандыдаты ў дэпутаты, беручы удзел ў выбарах у Палату Прадстаўнікоў? Якім чынам яны выкарыстаюць свой “выбарчы” досьвед пад час будучых прэзыдэнцкіх выбараў? Старшыня Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае партыі “Народная Грамада” Мікола Статкевіч лічыць плённым свой удзел у выбарах, па-першае таму, што ён меў магчымасьць адкрыта сустракацца зь людзьмі… (Статкевіч: ) “Вырасьлі колькасна арганізацыі партыі. Сем новых арганізацыяў партыі ўтворана ў райцэнтрах за час выбарчай кампаніі. Я думаю, што на гэтых выбарах адпрацоўваліся тэхналёгіі перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах. Гэтая тэхналёгія намі ўжо на сабе выпрацаваная, мы ведаем яе. Сутнасьць яе ў спалучэньні сучасных піяраўскіх тэхналёгіяў і тыповых савецкіх мэтадах прымусу. Відавочна, што ўсё гэта будзе паўторана на прэзыдэнцкіх выбарах, і мы павінны быць да гэтага падрыхтаваныя”. Зазначыў Мікола Статкевіч. Ён дагэтуль мяркуе, што байкатаваньне выбараў было памылкаю. (Статкевіч: ) “Мы зрабілі першы крок да паразы на прэзыдэнцкіх выбарах паўтары гады таму, калі мы адмовіліся ад удзелу ў мясцовых выбарах, а гэта значыць, што мы адмовіліся ад магчымасьці ўплываць на фармаваньне выбарчых камісіяў. Зараз мы зрабілі , мабыць, другіх паўкрока да паразы на прэзыдэнцкіх выбарах, таму што сьведама частка апазыцыі адмовілася ад падрыхтоўкі камандаў на прэзыдэнцкія выбары, ад іх трэніроўкі і выпрацоўкі тэхналёгіяў, і, самае галоўнае, ад магчымасьці хаця б шанцу ўплываць на выбарчае заканадаўства на прэзыдэнцкіх выбарах”, — кажа Мікола Статкевіч. Лідэр Лібэральна-Дэмакратычнае партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч таксама выказаў задаволенасьць вынікамі выбараў: (Гайдукевіч: ) “Мы цэлы тыдзень перадавалі БДІЧ дакумэнты, у якіх былі зафіксаваныя фальшаваньні пад час выбараў. І мы ганарымся тым, што пры нашым дзейсным удзеле Эўропа не прызнала выбары. У сяброў партыі цяпер цудоўны настрой. Праведзены маніторынг у вясковых акругах, цяпер мяне там ведаюць. Што тычыцца будучых прэзыдэнцкіх выбараў, дык безумоўна, апазыцыя пойдзе на іх адзінай сілаю. І гэта неабавязкова будзе адзіны кандадат у прэзыдэнты. Выпрацоўваецца пэўная тактыка. Я мяркую, што мы вельмі добра падрыхтаваліся да прэзыдэнцкіх выбараў. Цяпер мы ведаем рэальны рэйтынг Лукашэнкі, ён вельмі нізкі”, — мяркуе Сяргей Гайдукевіч. Выбары не адбыліся і ў акрузе, дзе балятаваўся лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін. Тым ня менш спадар Калякін таксама задаволены вынікам выбараў. На ягоную думку, 14 адсоткаў галасоў, якія атрымалі кандыдаты ад ягонае партыі, — гэта зусім нядрэнна: (Калякін: ) “Я мяркую, што гэта не канец, а толькі пачатак. Цяпер мы ўступаем у вельмі важны пэрыяд падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў, і ўсё толькі пачынаецца. На маю думку, мой асабісты вынік — другое месца ў акрузе — гэта даволі добра, калі ўлічваць той прамоўшэн у мой адрас на працягу тыдня з удзелам прэзыдэнта ва ўсіх дзяржаўных сродках масавай інфармаціі”, — зазначыў Сяргей Калякін. Ганна Соусь, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |