RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 17 Кастрычніка 2000

Сёньня



У акруговыя выбарчыя камісіі, а таксама ў Цэнтральную выбарчую камісію і ў пракуратуру ідуць скаргі ад кандыдатаў у дэпутаты і назіральнікаў, якія зафіксавалі парушэньні выбарчага заканадаўства ў часе галасаваньня.

Ужо дакладна вядома, што ў Цэнтральную выбарчую камісію паступілі скаргі ад былога кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Леаніда Сініцына, Аляксандра Фядуты і Аляксея Камая, якія скардзяцца на парушэньні ўчастковымі камісіямі выбарчага закону. У акружную камісію падаў учора скаргу й лідэр “Народнае Грамады” Мікола Статкевіч. Ягоныя назіральнікі лічаць, што выбары ў той акрузе, дзе балятаваўся спадар Статкевіч, адбыліся. Там, на думку паплечнікаў Міколы Статкевіча, на выбарчыя ўчасткі прыйшло больш за 50 адсоткаў выбаршчыкаў, што спачатку, як сьцьвярджае Статкевіч, прызналі й сябры акружное камісіі, але потым гэтыя лічбы чамусьці былі зьмененыя, і абвешчана, што выбары не адбыліся.

Паводле словаў загадчыка сэктару працы з грамадзянамі й лістамі ЦВК Яўгена Аўдзеева, увогуле да іх ужо паступіла 30 скаргаў ад кандыдатаў у дэпутаты і выбаршчыкаў. Гэтыя скаргі будуць разглядацца ў тэрмін ад трох да дзесяці дзён, пасьля чаго ЦВК прыме канкрэтнае рашэньне ў кожнай з гэтых заяваў.

Учора ў дзевяць акружных камісіяў накіраваў адпаведныя скаргі й намесьнік старшыні Цэнтральнае каардынацыйнае рады ў справе назіраньня за выбарамі Ўладзімер Гудзееў. Уладзімер Гудзееў лічыць, што гэтыя пратэсты дадуць плён:

(Гудзееў: ) “У гэты працэс падтасовак і фальшаваньняў была ўцягнутая вялікая колькасьць сяброў выбарчых камісіяў. Было шмат назіральнікаў, інфармацыя ўжо пайшла па ўсёй Беларусі. І нават тое, што гэтыя выпадкі не засталіся незаўважанымі, ужо ў будучыні ня дасьць магчымасьці паўторна рабіць падобнае сябрам выбарчых камісіяў і гэтым, і наступнага складу. Па-першае.

А па-другое, мы паспрабуем усё ж такі прыцягнуць да адказнасьці тых сяброў камісіяў, якія дапускалі парушэньні заканадаўства (фальшаваньні, падтасоўкі, падмены бюлютэняў і падмены выніковых пратаколаў). Таму, нават калі афіцыйна да адказнасьці цяпер нікога й не прыцягнуць, дык раней ці пазьней іх усё ж такі можна будзе прыцягнуць да адказнасьці за ўсё гэта”, — паведаміў нашаму радыё намесьнік старшыні Цэнтральнае каардынацыйнае рады ў справе назіраньня за выбарамі Ўладзімер Гудзееў.

Спадар Гудзееў, таксама дадаў, што больш за тысячу выпадкаў парушэньня Выбарчага кодэксу будуць афіцыйна аформленыя і накіраваныя ў пракуратуру на наступным тыдні.

Тым часам Праваабарончы цэнтар “Вясна”, прадстаўнікі якога таксама назіралі за выбарамі, аніякіх скаргаў у афіцыйныя структуры накіроўваць ня будзе. Гаворыць кіраўнік гэтага цэнтру Алесь Бяляцкі:

(Бяляцкі: ) “Мы вырашылі не падаваць скаргі ў афіцыйныя ворганы, таму што з самага пачатку мы лічылі, што гэтыя выбары недэмакратычныя, яны несапраўдныя. Падаваць іх у Цэнтральную выбарчую камісію ці ў акружныя выбарчыя камісіі мы палічылі абсалютна немэтазгодным, таму што, па-першае, гэта будзе пэўны момант прызнаньня гэтых выбараў, па-другое, на сёньняшні дзень склад гэтых камісіяў абсалютна не выклікае ніякага даверу, і мы абсалютна ня ўпэўненыя, што нашыя заўвагі будуць нейкім чынам улічаныя”.

Паведаміў спадар Бяляцкі.

Паводле ягоных словаў назіральнікі ад “Вясны” прысутнічалі на ўчастках толькі дзеля таго, каб азнаёміць потым з фактамі фальшаваньняў грамадзкасьць у Беларусі й за мяжою.

Альгерд Невяроўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org