RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 17 Кастрычніка 2000

Сёньня



Мінула 100 дзён, як зьнік пры загадкавых абставінах апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі. Сьледчыя транспартнае пракуратуры дагэтуль ня далі пэўнага адказу на пытаньне, што ж адбылося насамрэч.

Родныя і сябры намагаюцца рознымі шляхамі адшукаць якую-небудзь інфармацыю пра Зьмітра Завадзкага. Яго маці, Вольга Рыгораўна разам з Паўлам Шараметам узялі ўдзел у праграме расейскае тэлевізіі “Чакай мяне”. Яны прасілі ўсіх, хто мае хоць нейкія зьвесткі пра Зьмітра, паведаміць ім пра гэта. Пасьля выхаду перадачы патэлефанаваў мужчына, які не пажадаў прадставіцца й паведаміў, што Зьмітра бачылі ў Віцебскай турме.

Гаворыць жонка Зьмітра Завадзкага Сьвятлана:

(Завадзкая: ) “Чалавек, які сябе не назваў, паведаміў, што Зьмітра пасьля выкраданьня тры дні трымалі ў Віцебскай турме. Ён быў затрыманы нібыта з-за нейкіх дакумэнтаў. Пасьля гэтага яго адтуль вывезьлі, куды — невядома, але ён жывы. Пасьля гэтага сувязь перарвалася”.

Тым часам Павал Шарамет у Менску здымае дакумэнтальны фільм пра зьніклых Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й Зьмітра Завадзкага. Ён паведаміў радыё Свабода, што зь недаверам ставіцца да паведамленьня пра зьяўленьне Зьмітра ў турме. Сьледчыя таксама не валодаюць такой інфармацыяй.

Слова Паўлу Шарамету:

(Шарамет: ) “Сьледчыя маўчаць. Там поўны пярэпалах, паколькі яны выйшлі на тое, на што, па ідэі, ня мусілі былі выходзіць. Зараз нават зьмяняецца склад сьледчае брыгады. Ужо даказана, што тыя пяць спэцназаўцаў, што ўтрымліваюцца ў СІЗА, маюць дачыненьне да Рады Бясьпекі, і іх маглі задзейнічаць у нейкіх акцыях Рады Бясьпекі. Сярод затрыманых — два дзейных супрацоўнікі “Алмазу”, і яшчэ два спэцназаўцы ў вышуку. Ну і пяты — Ігнатовіч. Інфармацыя пра тое, што нібыта знойдзены труп Завадзкага, — не адпавядае рэчаіснасьці”, — паведаміў Павал Шарамет.

Калегі Зьмітра чакаюць прэсавую канфэрэнцыю генэральнага пракурора Алега Бажэлкі. Яны спадзяюцца атрымаць адказы пра тое, што зроблена сьледзтвам у справе Зьмітра Завадзкага.

Любоў Лунёва, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org