RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 17 Кастрычніка 2000

Сёньня



Злучаныя Штаты Амэрыкі не прызнаюць вынікі выбараў у “Палату прадстаўнікоў” і надалей лічаць легітымным парлямэнтам Беларусі Вярхоўны Савет пад кіраўніцтвам Сямёна Шарэцкага. Пра гэта гаворыцца ў заяве Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША. Беларускі МЗС у адказ абвінавачвае ЗША ў ігнараваньні волевыяўленьня беларускіх выбаршчыкаў.

Дзяржаўны дэпартамэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі распаўсюдзіў заяву намесьніка прэсавага сакратара Дзяржаўнага дэпартамэнту Філіпа Рыкера ў пытаньні выбараў у Беларусі. У заяве зазначаецца, што ЗША пагаджаюцца з думкаю эўрапейскіх арганізацыяў пра тое, што выбары ў Беларусі не былі свабоднымі, справядлівымі й празрыстымі ды не адпавядалі міжнародным нормам.

“Злучаныя Штаты не прызнаюць вынікаў гэтых выбараў і будуць працягваць лічыць легітымным дэмакратычна абраны Вярхоўны Савет пад кіраўніцтвам Сямёна Шарэцкага”. Гэтая заява Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, якая была апублікавана на наступны дзень пасьля беларускіх выбараў, выклікала нэрвовую рэакцыю ў афіцыйным Менску. З гэтае нагоды прэсавая служба беларускага МЗС распаўсюдзіла сваю адмысловую заяву.

Гаворыць прэсавы сакратар беларускага замежнапалітычнага ведамства Павал Латушка:

(Латушка: ) “Міністэрства замежных справаў Беларусі лічыць, што прыняцьце вынікаў выбараў зьяўляецца сувэрэнным правам выключна беларускага народу. На думку нашага міністэрства, адміністрацыя Злучаных Штатаў Амэрыкі ў чарговы раз ігнаруе дэмакратычнае волевыяўленьне мільёнаў беларусаў, якое было дакладна акрэсьлена ў ходзе справядлівых і вольных выбараў. Спроба Злучаных Штатаў Амэрыкі рэанімаваць Вярхоўны Савет 13-га скліканьня выклікае з нашага боку недаўменьне”.

Афіцыйны Менск хацеў бы дамагчыся прызнаньня ня толькі на ўсходзе, у Расеі, але й на Захадзе легітымным парлямэнтам новае “Палаты прадстаўнікоў”.

Гаворыць Павал Латушка:

(Латушка: ) “Беларусь зацікаўленая быць краінай у Эўропе. Мы зацікаўленыя мець добрыя кантакты з Эўрапейскімі краінамі, і для нас вельмі важным зьяўляецца разьвіцьцё гэтых кантактаў праз парлямэнцкія, міжпарлямэнцкія сувязі”.

Гэта быў начальнік управы інфармацыі беларускага МЗС Павал Латушка.

Тым часам стала вядома, што беларускія выбары не прызнаюцца дэмакратычнымі ня толькі ў Заходняй Эўропе, але і ў суседніх зь Беларусьсю краінах. Старшыня Вярхоўнае Рады Ўкраіны Іван Плюшч, у прыватнасьці, заявіў сёньня, што выбары ў Беларусі ня могуць быць прызнанымі. На ягоную думку, дэмакратычны сьвет можа прызнаць гэтыя выбары, толькі тады, калі іх не прызнае роўнымі й справядлівымі беларуская апазыцыя. Іван Плюшч зазначыў, што выбары паказалі, што нічога ў Беларусі не зьмянілася, і таму няма прычынаў для перагляду адносінаў да афіцыйнага Менску.

Валер Каліноўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org