RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 17 Кастрычніка 2000

Сёньня



У канцы мінулага тыдня прэзыдэнт Югаславіі Каштуніца ўзяў удзел у сустрэчы кіраўнікоў краінаў Эўразьвязу. У самой Югаславіі Каштуніца робіць захады, каб кансалідаваць сваю ўладу: дасягнутае пагадненьне з сацыялістычнай партыяй пра датэрміновыя выбары парлямэнту Сэрбіі, сацыялістам прад’яўлены ўльтыматум наконт фармаваньня новага ўраду Сэрбіі, дарадцы Каштуніцы вядуць перамовы з кіраўніцтвам Чарнагорыі пра новую пабудову югаслаўскай федэрацыі.

У суботу ўвечары палітычныя саюзьнікі прэзыдэнта Каштуніцы і кіраўнікі Сацыялістычнай партыі Мілошавіча пагадзіліся распусьціць 24 кастрычніка сэрбскі парлямэнт і правесьці датэрміновыя выбары 24 сьнежня. Як адзначае газэта Financial Times, гэта хутчэй за ўсё будзе спрыяць умацаваньню ўлады новага лідэра: зараз у сэрбскім парлямэнце дамінуюць прыхільнікі Мілошавіча, пры гэтым сэрбскі парлямэнт валодае больш шырокімі паўнамоцтвамі, чым федэральны.

Газэта Іnternational Herald Tribune паведамляе, што ўжо падрыхтаваны сэрбскі выбарчы закон, які ацэньваецца незалежнымі экспэртамі, як адпаведны ўсім дэмакратычным стандартам. Цікава адзначыць, што закон гэты прапанаваны сацыялістамі Мілошавіча і іх саюзьнікамі з Сэрбскай Радыкальнай партыі. Іnternatiional Herald Tribune падкрэсьлівае, што абедзьве гэтыя партыі ўсьведамляюць, што на выбарах 24 сьнежня апынуцца ў меншасьці і з гэтае прычыны асабліва зацікаўленыя ў тым, каб выбары былі справядлівымі.

Яшчэ адной праблемаю Каштуніцы зьяўляецца фармаваньне часовага, да парлямэнцкіх выбараў, ураду Сэрбіі. Тут прыхільнікі прэзыдэнта Югаславіі і сацыялісты пакуль не прыйшлі да кампрамісу. Каштуніца выступіў катэгарычна супраць таго, каб сацыялісты атрымалі ў сэрбскім урадзе кантроль над паліцыяй і міністэрствам юстыцыі. Як піша International Herald Tribune, каманда прэзыдэнта выставіла свае ўмовы і запатрабавала, каб сацыялісты прынялі іх не пазьней гэтага панядзелка. Газэта цытуе словы саюзьніка Каштуніцы Джынджыча, які заявіў: “Сацыялісты могуць ці прыняць нашую прапанову, ці сыходзіць”.

Але магчыма адной з самых складаных праблемаў для Каштуніцы зьяўляюцца адносіны з Чарнагорыяй – рэспублікай, што ўваходзіць у склад югаслаўскай федэрацыі і дзе вельмі моцныя тэндэнцыі да незалежнасьці. Каштуніца прапанаваў, каб урад Югаславіі ўзначаліў прадстаўнік Чарнагорыі, але гэтая прапанова была адхіленая чарнагорскім кіраўніцтвам. Югаслаўскі прэзыдэнт прапаноўвае падвысіць канстытуцыйны статус Чарнагорыі. Ён заявіў, што гатовы нават адмовіцца ад назвы краіны “Югаславія”, зьмяніўшы яе на “Сэрбія і Чарнагорыя”. Разам з тым новы югаслаўскі лідэр заявіў, што ня супраць правядзеньня ў Чарнагорыі рэферэндума пра незалежнасьць, хаця сам, зразумела, выступае за адзінства краіны. Гэты ход можа паставіць чарнагорскіх лідэраў у няпростае становішча: прыхільнікі незалежнасьці не складаюць у Чарнагорыі пераважную большасьць, а пасьля перамогі дэмакратычных сілаў у Сэрбіі іх можа яшчэ паменець.

На баку новага лідэра Югаславіі – ня толькі перамога, але і падтрымка Захаду, якая пачынае прымаць канкрэтныя рысы. На саміце кіраўнікоў дзяржаваў Эўразьвязу, што адбыўся ў канцы мінулага тыдня ў францускім горадзе Біарыцы, было прынятае рашэньне пра аказаньне Югаславіі тэрміновай фінансавай дапамогі ў памеры 200 мільёнаў эўра, каб краіна магла перажыць халодную зіму.

Каштуніца па запрашэньні прэзыдэнта Францыі, якая зараз старшынюе ў ЭЗ, прыняў удзел у сустрэчы ў вярхах. “Югаславія ёсьць і заўсёды была часткаю Эўропы – гістарычна, эканамічна і палітычна. Зараз мы вяртаемся”, – заявіў прэзыдэнт Каштуніца ў Біарыцы.

Як адзначае ірлянская газэта Irish Times менавіта югаслаўскі лідэр стаў “зоркаю” саміту. Пад час абеду, які Каштуніца даў удзельнікам сустрэчы, ён запэўніў эўрапейскіх лідэраў, што страх перад магчымым вяртаньнем Мілошавіча – дарэмны. “Мілошавіч губляе ўплыў нават у сваёй партыі, калі ён ня мае ўплыву ў ёй, ён ня мае ўплыву наогул”, – заявіў югаслаўскі лідэр. Разам з тым Каштуніца ізноў выказаўся супраць выдачы Мілошавіча міжнароднаму трыбуналу ў Гаазе. Праўда, зараз у яго пазыцыі зьявіўся новы акцэнт. Раней ён заяўляў, што Гааскі трыбунал – палітычны інструмэнт амэрыканскага ўплыву, у Біарыцы ён патлумачыў, што Югаславія будзе выконваць свае абавязкі паводле міжнароднага права, а праблема выдачы Мілошавіча не зьяўляецца першачарговай для новай Югаславіі.

Юры Дракахруст, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org