RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 16 Кастрычніка 2000

Сёньня



У Магілеве адміністрацыю Кастрычніцкага раёну праз суд забавязалі цягам месяцу разгледзець пытаньне пра рэгістрацыю першасных арганізацыяў Свабоднага прафсаюзу.

Свабодны прафсаюз яшчэ летась накіраваў у Магілеўскі гарвыканкам дакумэнты на рэгістрацыю першасных арганізацыяў прадстаўнікоў Магілеўскага аўтазаводу, адкрытага акцыянэрнага таварыства “Экран” і прыватных прадпрыймальнікаў Магілеву.

Усе тры арганізацыі знаходзяцца на тэрыторыі Кастрычніцкага раёну. Гарвыканкам пасьля месяцовага разгляду дакумэнту, сёлета ў лютым прапанаваў вырашыць пытаньне пра рэгістрацыю ў адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Магілеву і накіраваў туды адпаведныя паперы.

На судзе прадстаўнік ісца Аляксандара Каралёў заявіў, што ніякіх спасылак на той ці іншы закон у часе перасылкі дакумэнтаў не было. У
красавіку адміністрацыя Кастрычніцкага раёну Магілеву адмовіла ў рэгістрацыі першасным арганізацыям на той падставе, што яны ня сталі на ўлік ва ўпраўленьні юстыцыі Магілеўскага аблвыканкаму.

Як адзначыў у судзе яшчэ адзін прадстаўнік Свабоднага прафсаюзу – дырэктар праваабарончага Цэнтру Сяргей Абадоўскі – першасныя прафсаюзныя арганізацыі, паводле правілаў рэгістрацыі і дэкрэта Лукашэнкі, павінны прайсьці перарэгістрацыю, а не станавіцца на ўлік. А менавіта гэтага патрабавала адміністрацыя Кастрычніцкага раёну Магілеву.

Абодва прадстаўнікі, спасылаючыся на міжнароднае і айчыннае заканадаўства, назвалі гэтае рашэньне юрыдычна непісьменным.

Супрацоўнікі адміністрацыі ня сталі аспрэчваць гэтыя аргумэнты, бо, нягледзячы на запрашэньне, у суд не зьявіліся. Суд забавязаў адміністрацыю на працягу месяца пасьля ўступленьня рашэньня ў сілу разгледзець пытаньне аб рэгістрацыі трох арганізацыяў Свабоднага прафсаюзу.

Аляксандар Сердзюкоў, Магілеў


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org