RFE/RL |
Панядзелак, 16 Кастрычніка 2000 |
Сёньня: |
На Меншчыне выбары не адбыліся ў Барысаве й Маладэчне. Паўсюдна незалежныя назіральнікі зафіксавалі шматлікія парушэньні выбарчага заканадаўства. На 23-м выбарчым участку ў Барысаве было выкрытае парушэньне: назіральнікі ў скрыні для галасаваньня знайшлі 40 не зафіксаваных папярэдне бюлютэняў, дзе былі выкрэсьленыя ўсе прозьвішчы кандыдатаў, акрамя Ігара Мірука, дырэктара крамы “Славянін”. Паводле афіцыйных дадзеных, у Барысаве прагаласавалі ўсяго 44,5 адсоткі выбаршчыкаў. Мясцовыя асяродкі палітычных партыяў — найперш, сацыял-дэмакраты й народнафронтаўцы — лічаць гэта плёнам сэрыі публічных акцыяў, скіраваных на байкот выбараў, якія яны правялі цягам верасьня–кастрычніка. Як інфармуе старшыня Пухавіцкае філіі БСДП Народная Грамада Мікола Ўсьціменка, што ачаляў тут групу назіральнікаў, выбары на Пухаўшчыне не адбыліся ў мястэчках Рудзенск, Пярэжэр і Дружны. Спадар Усьціменка паведаміў, што самым распаўсюджаным парушэньнем, якое дапусьцілі ўчастковыя камісіі, было хаджэньне са скрынямі для галасаваньня па вясковых хатах. Тут быў скарыстаны непрыхаваны прымус у адносінах да калгасьнікаў, каб тыя галасавалі за патрэбнага кандыдата — дэпутата “Палаты прадстаўнікоў” мінулага скліканьня Ігара Катлярова. Дзясяткі актаў адносна парушэньняў выбарчага кодэксу з боку чальцоў участковых камісіяў прынесьлі назіральнікі й старшыні Салігорскага клюбу выбаршчыкаў Міколу Дзяленьдзіку. Спадар Дзяленьдзік паведамляе: у горадзе выбары не адбыліся на 26-ці з 29-ці ўчасткаў. Тут у галасаваньні ўзялі ўдзел, паводле падлікаў Клюбу выбаршчыкаў, усяго 42,5 адсоткі грамадзянаў. Але з дапамогаю фальшаваньняў, лічыць Мікола Дзяленьдзік, улады вывелі выніковую лічбу большую за 50 адсоткаў, і такім чынам дэпутата гэтак званае “Палаты прадстаўнікоў” Пятра Калугіна пакінулі пры ўладзе на другі тэрмін. У Слуцку ж перамог кіраўнік БПСМу Ўсевалад Янчэўскі. Але вядомы тутэйшы праваабаронца Аляксандар Катляроў разам з групаю назіральнікаў засьведчыў, што ўчора, у дзень галасаваньня, на ўсіх участках акругі за Янчэўскага агітавалі ягоныя групы падтрымкі. Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |