RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 16 Кастрычніка 2000

Сёньня:



Паводле папярэдніх афіцыйных зьвестак, выбары на Гомельшчыне адбыліся ва ўсіх 17 акругах. У дзесяці яны нібыта нават выніковыя: дэпутаты ў гэтак званую «Палату прадстаўнікоў» абраны ўжо ў першым туры. Але ці ўсё так добра на самрэч?

Камісіі паведамляюць, што ў шэрагу абраных значацца: у Мазыры — цяперашні сьпікер «палаты» Анатоль Малафееў, у Буда-Кашалеве й Рэчыцы — старшыні сталых камісіяў Валянцін Кручкоў і Мікола Куцко. Называюцца таксама й лічбы высокага ўдзелу выбаршчыкаў у галасаваньні. Напрыклад, у Хойніцкай акрузе — амаль 82 адсоткі.

Аднак незалежныя назіральнікі сьцьвяржаюць, што, прынамсі, у чатырох гарадзкіх акругах Гомелю (Юбілейнай — 33-й, Цэнтральнай — 35-й, Савецкай — 36-й, Прамысловай — 37-й) выбары на самрэч не адбыліся. Сьведчыць старшыня абласное рады назіральнікаў Уладзімер Кацора:

“Тут спрацаваў “адміністрацыйны рэсурс”, спрацаваў мэханізм фальшаваньня, асабліва пад час папярэдняга галасаваньня. Мы гаворым пра тое, ці прыйшла палова выбаршчыкаў на ўчасткі. Кажу адназначна: не прыйшла”, — заявіў спадар Кацора.

Паводле словаў суразмоўцы, рэальны ўдзел выбаршчыкаў у чатырох згаданых акругах не перавышае ў лепшым выпадку 42–43 адсоткаў, а ў 33-й акрузе гэты паказьнік не 50,2 адсоткі, як падае камісія, а недзе на мяжы 35-ці адсоткаў.

Прынамсі, на большасьці ўчасткаў, дзе прысутнічалі назіральнікі, выбары не адбыліся. Пэўна, нездарма кіраўнікі камісіяў утойвалі ад іх і журналістаў дакладныя зьвесткі папярэдняга галасаваньня. А старшыня Савецкай выбарчай акругі № 36 Юры Люкшын наогул выгнаў назіральнікаў з трох участкаў. Самаўпраўства было нагэтулькі відавочным, што пракурор гораду Леанід Кірмель вынес Люкшыну афіцыйнае папярэджаньне. Праўда, здарылася гэта ўжо на прыканцы галасаваньня.

Неардынарная сытуацыя склалася і ў 34-й Сяльмашаўскай акрузе. Сёньня двое кандыдатаў у дэпутаты, Валянціна Савасьценка і Ўладзімер Сякерка, падалі ў акруговую камісію заявы адносна прызнаньня выбараў несапраўднымі — з прычыны парушэньня іхным супернікам, кандыдатам ад улады Юрам Астапчанкам, Выбарчага кодэксу.

Казімер Яноўскі, Гомель


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org