RFE/RL |
Панядзелак, 16 Кастрычніка 2000 |
Сёньня: |
Гарадзенскія незалежныя газэты з самага пачатку зьвярталі ўвагу сваіх чытачоў на тое, як улады праводзяць сваю выбарчую кампанію, і як апазыцыя яе байкатуе. Дастаткова паглядзець нават апошнія нумары газэтаў. Яны сталі і апошняй магчымасьцю сказаць чытачам праўду, папярэдзіць іх. Гэтак зрабіла «Пагоня». Дзьве публікацыі на першай старонцы маюць загалоўкі — «Галасуй, не галасуй — атрымаеш той жа вынік!» і — «Дабрахвотна-прымусовае галасаваньне пачалося». Загалоўкі гавораць самі за сябе. Пад рубрыкаю «Байкот-2000» надрукаваны здымак мужчыны, які трымае плякат «Выбарчаму фарсу — не!». «Пагоня» таксама падрабязна асьвятліла мітынг і шэсьце апазыцыі, якія адбыліся ў Горадні 8 кастрычніка з нагоды байкоту выбараў. «Эстафэта свабоды» — так назвала акцыю гарадзенскай апазыцыі «Биржа Информации». На здымках, зьмешчаных у газэце, бачна, што ў мітынгу й шэсьці ўдзельнічала шмат моладзі, падлеткаў. Газэта знаёміць таксама зь меркаваньнямі вядомых дзяячоў беларускай апазыцыі наконт выбараў у «палату». «Вечерний Гродно» надрукаваў пра мітынг і шэсьце досыць крытычны камэнтар. Затое зьмешчаны здымак апазыцыйнага палітыка Сямёна Домаша, які выступіў перад удзельнікамі мітынгу. А гэта для газэты, сярод заснавальнікаў якое гарадзкі выканкам, даволі незвычайна. Сяргей Астраўцоў, Горадня
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |