RFE/RL |
Нядзеля, 15 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
Пасьля галасаваньня на ўчастку ля Драздоў Аляксандар Лукашэнка заявіў, што гатовы да непрызнаньня Захадам вынікаў выбараў 15 кастрычніка і ўжо абвесьціў, што будзе пераабраны прэзыдэнтам і ў 2001 годзе. Наш карэспандэнт запісаў пасажы Лукашэнкі і нават задаў яму некалькі пытаньняў. А 10-й раніцы Аляксандар Лукашэнка наведаў найбліжэйшы да ягонае рэзыдэнцыі “Дразды” выбарчы ўчастак ды прагаласаваў, як ён сказаў, “за патрыёта, які адпавядае” ягонай палітыцы. Атрымліваючы бюлетэнь, ён спытаў жанчыну з выбарчае камісіі — “Вы што, мяне ня ведаеце?”, — але ўсё ж паказаў ёй свой пашпарт. Потым спадар Лукашэнка на пытаньне замежнага журналіста пра непрызнаньне гэтых выбараў на Захадзе адказаў гэтак: (Лукашэнка: ) “Байкатаваць выбары – гэта была вялікая памылка тых, хто сёньня змагаецца з Лукашэнкам. Яны проста засталіся на ўзбочыне гэтай дарогі. Гэта гаворыць аб тым, што яны прайграюць і прэзыдэнцкія выбары. Калі б яны ўдзельнічалі ў гэтай кампаніі, дык хутчэй за ўсё яны прайгралі б. Ну дык хоць бы народу нешта паказалі. Ну вось учора паказалі. Сорамна было глядзець. Мне, чэснае слова, сорамна за краіну было, што ў нас хай дзьве-тры тысячы адарваных людзей, але ўсё роўна непрыемна”. Аляксандар Лукашэнка заявіў таксама, што барацьба паміж ім ды апазыцыяй ідзе па лініі яўкі выбаршчыкаў, якую ён прагназуе на ўзроўні 70 адсоткаў, бо, паводле ягоных словаў, беларусы яго ніколі не падводзілі. Таму спадар Лукашэнка ўжо ведае, як паставіцца да непрызнаньня выбараў: (Лукашэнка: ) “У мяне будзе абсалютна спакойная рэакцыя. Непрызнаньне міжнароднымі назіральнікамі выбараў у Беларусі поўнасьцю адкрые твар Захаду перад беларускім народам”. — заявіў спадар Лукашэнка. Ён дадаў, што непрызнаньне выбараў 15 кастрычніка нэгатыўна адаб’ецца на дэмакратычным іміджу Захаду. Хаця ён прызнаў, што эўрапейская “тройка” адзначыла недастатковасьць тых зьменаў, на якія пайшоў перад выбарамі афіцыйны Менск, але тут жа рытарычна спытаў: а дзе дастаткова? І падаў прыклад Вялікае Брытаніі зь ейнымі апошнімі страйкамі. Аднак Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што гатовы да непрызнаньня выбараў. Я запытаў спадара Лукашэнку, як ён ацэньвае дзеяньні сваёй тэлевізіі, што ўвесь час перад галасаваньнем палівала апазыцыю памыямі, ды атрымаў гэткі адказ: (Лукашэнка: ) “Вы ведаеце, трэба было б паглядзець, дзе Вы гэтыя памыі бачылі…” (Карэспандэнт: ) “Фільмы Азаронка ды іншае…” (Лукашэнка: ) “А што, Азаронак фактаў не прыводзіў?” (Карэспандэнт: ) “Якія?” (Лукашэнка: ) “Ня ведаю. Вы ж гаворыце аб Азаронку і пытаеце ў мяне якія. Глядзіце добра”. Таму якія менавіта факты былі ў фільме Азаронка, што выкарыстоўваў кінакадры часу гітлераўскай акупацыі ды перамешваў іх са здымкамі цяперашніх апазыцыйных акцыяў, засталося таямніцаю. Мабыць, дзякуючы якраз такім паводзінам электронных мас-мэдыяў Аляксандар Лукашэнка ўпэўнены: (Лукашэнка: ) “Тое, што апазыцыя на прэзыдэнцкіх выбарах не пераможа, гэта я магу ўжо сёньня сказаць”. (Карэспандэнт: ) “Чаму?” (Лукашэнка: ) “А таму што яна ўжо была пры ўладзе. Наш народ не паўтарае памылак. Яна ўжо была ў пачатку 90-х гадоў – Шушкевіч ды іжэ зь імі”. Спадар Лукашэнка таксама ўпэўнены, што менавіта ён стане прэзыдэнтам у наступным годзе: (Лукашэнка: ) “У нас жа дастаткова людзей талковых, разумных, прыстойных, больш разумных, чым Лукашэнка. Яны, магчыма, зьявяцца, але галоўнае, каб гэта быў чалавек, які любіць свой народ, патрыёт сваёй дзяржавы – вось хто павінен перамагчы. Я за гэта буду перажываць, падтрымліваць буду гэтага чалавека, калі здарыцца так. А наогул чаго вы мяне хаваеце? Не хвалюйцеся! Буду я прэзыдэнтам у 2001 годзе!” — заявіў Аляксандар Лукашэнка. Напярэдадні ягоная прэсавая служба папярэдзіла ўсіх журналістаў, што на ягонае галасаваньне трэба адмыслова акрэдытоўвацца, хоць артыкул 13 Выбарчага кодэксу надае любому журналісту права ў любы час прысутнічаць на любым участку. Сёньня ўраніцу служба аховы перакрыла цэнтральны ўваход на выбарчы ўчастак Лукашэнкі, таму ўсім журналістам давялося йсьці праз чорны ход пад наглядам целаахоўнікаў. Прадстаўнікі прэсы не маглі, напрыклад, даведацца — за якіх кандыдатаў мог прагаласаваць Лукашэнка, ды колькі выбаршчыкаў зрабілі гэта датэрмінова. На першым сёньняшнім брыфінгу старшыня Цэнтральнае выбарчае камісіі Лідзія Ярмошына на мою просьбу пракамэнтаваць гэтае парушэньне Выбарчага кодэксу службамі Лукашэнкі фактычна пацьвердзіла, што артыкул 13 пэўны час на згаданым участку ў Акадэміі фізкультуры не выконваўся. (Ярмошына: ) “Мне цяжка сказаць, магчыма, службы бясьпекі на нейкі час перакрылі. Дарэчы, тэлевізія тут жа паведаміла аб колькасьці тых, хто датэрмінова прагаласаваў, таму што гэтая лічба вельмі вялікая. Магчыма гэта тлумачыцца тым, што там галасавалі студэнты інтэрната – каля 39 адсоткаў”. Гэта была Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтравыбаркаму. Яна лічыць, што Выбарчы кодэкс не вызначае, якім уваходам — галоўным або чорным — могуць карыстацца журналісты, таму на ўчастку Аляксандра Лукашэнкі закон нібыта парушаны ня быў. Юры Сьвірко, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |