RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Нядзеля, 15 Кастрычніка 2000

Сёньня



(эфір 14 кастрычніка)
Чарговы марш апазыцыі ў Менску спакойна прайшоў сёньня ад Нацыянальнай Акадэміі навук да Опэрнага тэатру паводле маршруту, што быў узгоднены напярэдадні: праспэкт Францішка Скарыны — вуліцы Варвашэні й Багдановіча…

Ля будынку Акадэміі навук на праспэкце Францішка Скарыны а 15-й гадзіне сабралася ўсяго тысяча ўдзельнікаў акцыі “Байкот-2000”, але паступова іхная колькасьць павялічалася да трох-пяці тысячаў.

Адзін з арганізатараў маршу, лідэр Беларускага Народнага Фронту Вінцук Вячорка яшчэ да пачатку руху распавёў прысутным, што дагэтуль пісьмовага дазволу ўладаў пайсьці галоўным праспэктам Менску няма.

(Вячорка: ) “Мы запатрабавалі выканаць нашае права і настоялі на тым, кеб прайсьці па праспэкце Скарыны. Пазаўчора і ўчора у нас адбыліся перамовы з кіраўніцтвам гарвыканкаму аб магчымым пошуку кампрамісу. Мы дасягнулі кампрамісу, мы дамагліся права прайсьці па праспэкце Скарыны. Мы пагадзіліся завершыць сёньня нашае шэсьце каля Опэрнага тэатру. Тым ня менш улады, якія абяцалі нам з вамі даць пісьмовы дазвол, пацьвердзіць вуснае пагадненьне – гэты дазвол яны так і не далі ні ўчора, ні сёньня, ні на гэты момант. Міжнародныя арганізацыі ўжо ацанілі гэтыя паводзіны ўладаў як сьвядомую правакацыю. Калі шляхам цяжкіх перамоваў было дасягнутае пагадненьне, дык яго трэба трымацца, калі яго ламаюць – значыць гэта хамская ўлада”.

Спадар Вячорка прапанаваў грамадзе вырашыць: або йсьці на пляц Бангалёр, або да Опэрнага тэатру. Апошні варыянт падтрымалі аднагалосна, і калёна рушыла на праспэкт.

Пад бел-чырвона-белымі сьцягамі ды транспарантамі з заклікамі супраць выбарчага фарсу людзі йшлі цэнтральнай часткаю праспэкту, пакінуўшы вольнымі крайнія палосы для руху тралейбусаў.

А 16-й гадзіне на пляцы Якуба Коласа адбыўся першы ды апошні невялікі інцыдэнт. Кіроўца прыватнага “Пэжо” з нумарам 0823 МТ вырашыў праехаць праз калёну ды апынуўся ў людзкім моры. Напэўна, нехта зрабіў яму заўвагу, таму, выехаўшы з калёны, кіроўца выбег з машыны ды хацеў распачаць бойку, але гэтага не атрымалася.

Агульная працягласьць калёны дэманстрантаў складала толькі палову вялізнага бэтоннага плоту на пляцы Якуба Коласа — традыцыйным месцы збору для апазыцыйных акцыяў, якая цяпер зачыненая на рэканструкцыю. Але шмат людзей ішлі збоку, ходнікамі праспэкту Скарыны. Сярод іх я заўважыў сяброў эўрапейскае “тройкі” ды спытаў кіраўніка Парлямэнцкае асамблеі АБСЭ Адрыяна Севярына пра ягоныя ўражаньні ад маршу. Але спадар Севярын адказваў толькі адно: у панядзелак будзе прэсавая канфэрэнцыя…

Яшчэ адзін сябра эўрапейскае “тройкі” Вольфганг Берэндт адказаў тымі самымі словамі — мы скажам усё толькі ў панядзелак на прэсавай канфэрэнцыі. Пасьля такога зьмястоўнага інтэрвію уся эўрапейская “тройка” спусьцілася ў падземны пераход, каб перайсьці зь левага ходніка, ад рэдакцыі газэты “Вечерний Минск”, на правы, у бок управы БНФ на Варвашэні, 8.

Я ж тым часам паехаў за калёнаю на паўпустым трамваі. У вагоне №494 1-га маршруту сядзелі выпадковыя пасажыры, апазыцыйнае шэсьце затрымала трамвай толькі хвілінаў на пяць, але адна пажылая пасажырка пачала лямантаваць, што гэтак у беларускай сталіцы хадзілі толькі фашысты. Тут я ўключыў свой дыктафон:

(Карэспандэнт: ) “Чаму Вы мяркуеце, што фашысты? Што Вам не падабаецца?”

(Пасажырка: ) “Пайшоў… Што ты мне суеш сваю…”

(Карэспандэнт: ) “Дык скажыце чаму…”

(Пасажырка: ) “Хачу і гавару”.

(Карэспандэнт: ) “Дык скажыце, каб я запісаў”.

(Пасажырка: ) “А я не хачу табе гаварыць. Паняў?”

(Пасажыр: ) “А калі ня хоча вам нехта гаварыць?”

(Пасажырка: ) “Я думаю ўголас. А што ты мне суеш нейкую храновіну?”

На гэтым меркаваньні прыхільніка маршу трамвайная дыскусія нібыта скончылася, але іншая пажылая пасажырка распачала тэму Чачэніі:

(Пасажырка: ) “Каб тут было як у Чачні – вось чаго яны хочуць”.

(Карэспандэнт: ) “За каго Вы будзеце заўтра галасаваць?”

(Пасажырка: ) “Я ня хочу нічога вам казаць”.

Маладая пасажырка была ўпэўненая, што разам са старым пакаленьнем зьнікне й старая прапаганда. Учорашняя ж прапаганда Беларускае тэлевізіі сьцьвярджала, што на марш у суботу прыйдзе алькагалізаваная моладзь ды яшчэ зьявяцца баевікі УНА-УНСО…

Ля Опэрнага тэатру, калі шэсьце ўжо скончылася, я спытаў кіраўніка Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі Ганса-Георга Віка пра ягоную ацэнку сёньняшняга маршу:

(Вік: ) “Ён праходзіў дасюль мірна, і я спадзяюся, што так і будзе й надалей, і што ўлады будуць паважаць свае забавязаньні й ня дойдуць да адміністрацыйных арыштаў ды затрыманьняў. Гэта была мірная падзея, і якраз гэтага чакала міжнародная супольнасьць ад абодвух бакоў”,

— заявіў Ганс-Георг Вік, кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі.

На маё наступнае пытаньне — чаму старшыня Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын, прадстаўнік Рады Эўропы Вольфганг Берэнт ды ўсе іншыя сябры эўрапейскае “тройкі” адмаўляюцца сёньня што-небудзь казаць журналістам, — спадар Вік адказаў гэтак:

(Вік: ) “Так, таму што яны прыхоўваюць свае пазыцыі да таго, пакуль яны прадставяць публічна свае палітычныя ацэнкі ўсяго працэсу. А я адказваю Вам тут, бо я сталы прадстаўнік у гэтай краіне, таму я мушу гаварыць ды павінен казаць нешта пра гэта. Мы — дзейны ворган, “тройка” ж, вядома, скажа што-небудзь у панядзелак у падсумаваньне”,

— сказаў спадар Вік.

Там, дзе ён стаяў, неўзабаве распачалася рэпэтыцыя батлейкі. Акторы вырашылі прэзэнтаваць мітынгоўцам сцэнку з палітычнага жыцьця Беларусі, і гэта было зроблена пазьней, а пакуль чалавек з маскаю Аляксандра Лукашэнкі ладзіў рэпэтыцыю.

Пад час мітынгу на пляцы Парыскае камуны, як дагэтуль называецца пляц перад тэатрам Опэры й Балету, адзін з журналістаў агучыў дасьціпны жарт: сёньня менская міліцыя байкатавала акцыю апазыцыі. Але цікава, што ўжо пасьля мітынгу пара дзясяткаў асобаў у цывільным, што дасюль былі ў натоўпе, сваёю калёнаю пайшлі да колішняй Выставы дасягненьняў народнае гаспадаркі на вуліцы Янкі Купалы, дзе іх ужо чакалі міліцэйскія машыны. Таму міліцыя ў часе маршу ўсё ж была, хаця й бяз формы.

Юры Сьвірко, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org