RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Нядзеля, 15 Кастрычніка 2000

Сёньня



Сёньня ў Жабінцы перад пачаткам галасаваньня на выбарчым участку №43 кардынатар групы назіральнікаў па гэтым раёне Берасьцейскай вобласьці Генадзь Самойленка абвесьціў галадоўку. Ён пайшоў на гэты крок, каб выклікаць пратэст супраць дзеяньняў мясцовых уладаў пад час выбараў.

Жабінкаўскі раён уваходзіць у выбарчую акругу №13, якая аб’ядноўвае тэрыторыі яшчэ двух раёнаў – Берасьцейскага і Маларыцкага. Па гэтай акрузе мясцовая вэртыкаль атрымала заданьне правесьці дэпутатам у “палату прадстаўнікоў” намесьніка старшыні аблвыканкаму Валерыя Захарчанку.

Для дасягненьня сваёй мэты ўлады пайшлі на значнае парушэньне выбарчага закону ўжо пад час агітацыйнай кампаніі, калі паставілі кандыдатаў у няроўныя ўмовы. Сустрэчы з выбаршчыкамі Валерыя Захарчанкі рыхтаваліся пры непасрэдным удзеле чыноўнікаў з адпаведных райвыканкамаў, у той жа час астатнія кандыдаты па згаданай акрузе былі пазбаўленыя магчымасьці трапіць на згаданыя сустрэчы. Падобныя факты парушэньняў закону фіксаваліся яшчэ да пачатку галасаваньня, але мясцовыя ўлады вырашылі пайсьці далей і не рэгістраваць на ўчастках айчынных назіральнікаў.

Найбольш актыўна ў гэтым кірунку папрацавалі ўлады Жабінкаўскага раёну. Тут у якасьці незалежных назіральнікаў спрабавалі адсочваць хаду галасаваньня некалькі настаўніцаў мясцовых школаў. Спачатку ім было адмоўлена ў рэгістрацыі на канкрэтных выбарчых участках, а потым некаторых настаўніцаў пачалі выклікаць у райвыканкам. Там іх папярэдзілі, што ўдзел у назіраньні можа прывесьці да звальненьня з працы. На кватэры іншых настаўніцаў тэлефанавалі адказныя чыноўнікі вэртыкалі і таксама прымушалі адмовіцца ад удзелу ў назіраньні за выбарамі. У выніку, паводле словаў каардынатара назіральнікаў па Жабінкаўскім раёне Генадзя Самойленкі, пяць чалавек, прозьвішчы якіх ён пакуль дзеля вядомых прычынаў назваць ня можа, вымушаныя былі здаць пасьведчаньні назіральнікаў, каб пазбавіцца непрыхаванага ціску з боку ўладаў.

Проатэстуючы супраць дзеяньняў мясцовых чыноўнікаў, спадар Самойленка сёньня раніцай на адным з выбарчых участкаў, што адчынены ў Жабінкаўскай школе №1, заявіў, што распачынае галадоўку. Такім чынам ён зьбіраецца прыцягнуць увагу грамадзкасьці да парушэньняў, якія зьдзейсьнілі прадстаўнікі ўладаў пад час падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў.

Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org