RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Нядзеля, 15 Кастрычніка 2000

Сёньня



(эфір 14 кастрычніка)
Дэлегацыя эўрапейскае парлямэнцкае “тройкі” сустрэлася сёньня са старшынёй Цэнтральнае выбарчае камісіі Беларусі Лідзіяй Ярмошынай і міністрам замежных справаў Уралам Латыпавым. У часе сустрэчаў “эўрапейцы” выказвалі ўладам сур’ёзныя прэтэнзіі да арганізацыі й правядзеньня заўтрашніх выбараў.

У абедзьвюх сёньняшніх сустрэчах бралі ўдзел старшыня Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын, кіраўнік падкамітэту ў справах Беларусі Эўрапарлямэнту Ян Віерсма, дакладчык у пытаньні Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Вольфганг Бэрэндт, а таксама шэф Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ Ганс-Георг Вік ды амбасадары Францыі і Італіі. На жаль, атрымаць іх камэнтары да гутарак з афіцыйнымі беларускімі асобамі не ўдалося. Старшыня Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын перапрасіў і паведаміў, што ўсе камэнтары, ацэнкі й заявы эўрапейскае “тройкі” будуць выказаныя толькі на прэсавай канфэрэнцыі 16 кастрычніка. А пакуль “эўрапейцы” слухаюць, назіраюць і робяць свае высновы пра пабачанае й пачутае ў Беларусі.

У прэсавай службе Цэнтравыбаркамы нашаму радыё паведамілі, што ў часе сустрэчы эўрапейскае “тройкі” са спадарыняй Ярмошынай гутарка ў асноўным ішла пра арганізацыю заўтрашняга галасаваньня, а таксама “эўрапейцы” задавалі пытаньні, чаму Цэнтравыбаркам не зарэгістраваў тых ці іншых кандыдатаў у дэпутаты.

Ад Лідзіі Ярмошынай прадстаўнікі эўрапейскае “тройкі” накіраваліся на сустрэчу ў МЗС. Урал Латыпаў доўга пераконваў “эўрапейцаў”, што беларускія ўлады выканалі ўсе патрабаваньні міжнародных структураў для правядзеньня свабодных выбараў і таму, маўляў, вынікі галасаваньня 15 кастрычніка Эўропа мусіць прызнаць. Прадстаўнікі “тройкі”, у сваю чаргу, нагадалі, што далёка ня ўсе патрабаваньні АБСЭ афіцыйны Менск выканаў. Учора, напрыклад, у часе сустрэчы зь сябрамі Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў “эўрапейцам” паведамілі пра апошнія рэпрэсіі ўладаў супраць апазыцыі. (Зьбіцьцё дэпутата Вярхоўнага Савету Людмілы Гразновай, закрыцьцё рахунку друкарні “Мэйджык”, дзе друкуюцца незалежныя выданьні, затрыманьні ўдзельнікаў кампаніі байкоту выбараў і г.д.). Тое, што ў “эўрапейцаў” ёсьць шмат пытаньняў да ўладаў, прызнаў у інтэрвію нашаму радыё прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка:

(Латушка: ) “Я не магу сказаць пра тое, што гучалі нейкія прэтэнзіі. Гаворка шла пра тое, што было зроблена з боку беларускіх уладаў. Я хачу падкрэсьліць, што мы пачулі ў тым ліку і пазытыўную ацэнку тых рухаў, якія былі зробленыя з боку беларускіх уладаў у апошні час у мэтах правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў. Гэта было адзначана, у тым ліку, і прадстаўнікамі “тройкі”. У сваю чаргу імі было таксама адзначана, што шэраг пытаньняў яшчэ застаўся нявырашаным, але гэтая сустрэча бывла праведзеная ў добрай атмасфэры”.

Сёньня прадстаўнікі эўрапейскае дэлегацыі таксама назіралі за маршам беларускай апазыцыі і сустрэліся зь Міхалам Чыгіром, Міколам Статкевічам, Генадзям Грушавым і Васілём Шлындзікавым.

Альгерд Невяроўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org