RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Нядзеля, 15 Кастрычніка 2000

Сёньня



У Лёндане ля беларускай амбасады мясцовыя беларусы наладзілі пікет. На тэлефоннай сувязі ў Лёндане намесьнік старшыні Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі Ігар Лабацэвіч.

(Лабацэвіч: ) “Цяпер у Лёндане ля будынку беларускай амбасады сабралося каля 30 чалавек – беларусаў, ангельцаў, ёсьць прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары ў Брытаніі, якія пратэстуюць супраць правядзеньня незаконных выбараў у лукашэнкавую палату. Лёзунгі, я думаю, такія, як і паўсюль, дзе праводзяцца падобныя пікеты гэтымі днямі. Напрыклад: “Мілошавіч – сёньня, Лукашэнка – заўтра!”, “Ня дайце Лукашэнку скрасьці ваш голас!”, “Свабода – не тэрор, выбары – ня фарс!”.

(Караткевіч: ) “Ці бачылі вы людзей, якія прыходзілі ў амбасаду, каб прагаласаваць?”

(Лабацэвіч: ) “Пакуль што было чалавекі чатыры, якія хуценька прабеглі ў амбасаду. Можа, гэта нават былі якія-небудзь новыя супрацоўнікі амбасады – я ня ведаю.”

(Караткевіч: ) “Мінакі неяк рэагуюць на пікет?”

(Лабацэвіч: ) “Так, шмат людзей праязджаючы на машынах, спыняюцца, пытаюць: “Што такое Беларусь, што адбываецца ў Беларусі?”

(Караткевіч: ) “Нейкае агульнае ўяўленьне яны пра гэта маюць?”

(Лабацэвіч: ) “Вядома. У нас ёсьць невялікія ўлёткі па-ангельску. Бо паводле ангельскага заканадаўства, уся інфармацыя і плякаты павінны быць па-ангельску. Пікет ладзіцца ад 2-й да 3-й паводле ангельскага часу.”

(Караткевіч: ) “Брытанская прэса неяк рэагуе на беларускія палітычныя працэсы? Я маю на ўвазе кампанію “Байкот-2000” і выбары.”

(Лабацэвіч: ) “Канешне, таблёіды брытанскія ніколі ня будуць рэагаваць на такія рэчы – іх не цікавіць нічога, апрэч падаткаў. А што да вялікіх газэтаў, то слова Беларусь зьяўлялася цягам апошніх тыдняў вельмі часта, але ў асноўным у сувязі зь Югаславіяй, калі казалася пра магчымае месца прытулку Мілошавіча”.

З Ігарам Лабацэвічам гутарыла
Вольга Караткевіч


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org