RFE/RL |
Нядзеля, 15 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
У вельмі нешматлікіх акругах выбары ў “Палату прадстаўнікоў” ўяўлялі сабою нейкую грамадзка цікавую канкурэнцыю. На галасаваньні ў адной зь іх — Заходняй выбарчай акрузе №102, што ў Менску, пабываў наш карэспандэнт. У гэтай акрузе балятуюцца экс-прэм’ер Міхал Чыгір, журналіст Аляксандар Фядута й супрацоўнік сакратарыяту Парлямэнцкага сходу “Саюзу Беларусі й Расеі” Натальля Машэрава. У гэтай акрузе, таксама, як і ў некаторых іншых, упершыню ў Беларусі працавала сацыялягічная сыстэма апытаньня “экзыт пул” — грамадзянаў, якія ўзялі ўдзел у выбарах, на выхадзе з участку для галасаваньня апытвала сацыёляг з лябараторыі “Новак” Натальля Руднева. Пасьля палудня яна паведаміла наступныя вынікі: (Руднева: ) “На першым месцы – Машэрава, на другім – Чыгір, на трэцім – Фядута”, А 12-й гадзіне на ўчастак для галасаваньня прыйшоў кандыдат у дэпутаты Міхал Чыгір з жонкаю і даверанымі асобамі. Вось як ён ахарактарызаваў гэтыя выбары і сваё бачаньне пэрпэктываў Беларусі: (Чыгір: ) “З аднаго боку, я ўдзельнічаю ў выбарах, а з другога – я ўчора сказаў на сустрэчы з прадстаўнікамі АБСЭ, што ня трэба прызнаваць выбары. Усё-ткі кіраўніцтва дзяржавы ня выканала 4 вядомыя ўмовы. І да таго часу, пакуль яны ня будуць выкананыя, вынікі выбараў не павінны прызнавацца. І я гэтай пазыцыі буду прытрымлівацца, калі стану дэпутатам.” Далей Міхал Чыгір на пытаньне замежнага карэспандэнта ацаніў сытуацыю ў Югаславіі. (Чыгір: ) “Я вельмі задаволены, што ўсё завершылася цудоўна, перамагла дэмакратыя, справядлівасьць і выбар народу. Самае асноўнае – цудоўна, што не пралілася кроў. Я думаю, што налета цалкам магчымы варыянт, калі падзеі будуць разьвівацца паводле такога ж сцэнару.” Апошні сказ Міхала Чыгіра датычыўся магчымасьці паўтарэньня югаслаўскага сцэнару ў Беларусі. Уранку на ўчасткі для галасаваньня пераважна йшлі пэнсіянэры ды іншыя прыхільнікі Натальлі Машэравай, таму яна спачатку апераджала іншых. Гаворыць адная зь яе прыхільніцаў: (Голас: ) “Сакрэт, за каго я галасавала. Ну, за жанчыну. У яе бацька быў партызан – дык мы за яе, за дачку галасавалі. І сьвінінкі купіла… Яна ёсьць і ў крамах, але тут таньней…” Пазьней зьявіліся рабочыя і студэнты, якія аддавалі перавагу Міхалу Чыгіру: (Голас: ) “Іду галасаваць за Чыгіра. Ён харошы мужык – усё можа зрабіць. Сумленны чалавек.” Выбаршчыкаў не бянтэжыла тое, што Міхал Чыгір быў асуджаны беларускай “фэмідаю” паводле палітычных меркаваньняў: (Голас: ) “Брахня гэта ўсё! Ня можа быць, каб такі чалавек там знаходзіўся!” Знайсьці прыхільнікаў журналіста Аляксандра Фядуты было даволі складана, толькі на пятнаццатай хвіліне майго апытаньня знайшоўся чалавек, які за яго прагаласаваў: (Голас: ) “За Фядуту. Бо, мне здаецца, хаця б адзін такі чалавек-апазыцыянэр там у парляманце павінен быць. “Народная воля” усё ж ткі, малады чалавек… Я думаю, можа, хаця б нешта зьменіцца. Хаця, наўрад…” За кандыдата ЛДП Тацяну Навумчык, паводле зьвестак “экзыт-пул”, на 12-ю гадзіну дня прагаласаваў на гэтым участку ўвогуле толькі адзін чалавек. Такім чынам, галоўнае суперніцтва разгарнулася паміж дачкою былога партыйнага лідэра Натальляй Машэравай і экс-прэм’ерам Міхалам Чыгіром. Відавочна, яны й прайдуць у другі тур. Прадстаўнікі штаба Чыгіра сьцьвярджаюць, што Машэрава, якую падтрымлівае ўлада, карысталася большымі магчымасьці для агітацыі за сябе. Гаворыць давераная асоба Міхала Чыгіра Аляксандар Тамковіч: (Тамковіч: ) “У так званай выбарчай кампаніі былі вельмі няроўныя ўмовы для ўсіх кандыдатаў. Напрыклад, Чыгіру не далі дазволу сустрэцца ў працоўных калектывах з людзьмі, не пусьцілі на прадпрыемствы. Гэтая магчымасьць была толькі ў Машэравай. На яе працавала шмат дзяржаўных структураў – дарэчы, і БПСМ”. Такім чынам, відаць, у адзінай акрузе — 102-й Заходняй — захоўваецца нейкая грамадзка значная інтрыга й рэальная канкурэнцыя поглядаў. Валер Каліноўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |