RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Нядзеля, 15 Кастрычніка 2000

Сёньня



(эфір 14 кастрычніка)
На думку лідэраў беларускай апазыцыі, калі Эўропа прызнае выбары ў “Палату прадстаўнікоў” дэмакратычнымі й свабоднымі, дык усе ўжо зафіксаваныя парушэньні выбарчага заканадаўства з боку беларускіх уладаў будуць паўтораныя ў наступным годзе на прэзыдэнцкіх выбарах. Гэтая думка стала лейтматывам усіх сустрэчаў прадстаўнікоў апазыцыі з парлямэнцкай “тройкаю”, якая цяпер знаходзіцца ў Беларусі.

Калі ў часе ўчорашняе вечаровае сустрэчы апазыцыянэры распавядалі пра мэханізм і тэхналёгіі фальшаваньня вынікаў выбараў, сябры парлямэнцкае “тройкі” неаднаразова былі вымушаныя ўдакладняць розныя моманты. Ну як дапасуецца да здаровага сэнсу, напрыклад, тое, што ў акрузе, дзе балятуецца Сяргей Калякін, старшыні ўчастковых камісіяў атрымалі загад здаць па 200 чыстых бюлетэняў з подпісамі ня менш як двух сяброў камісіі сваім куратарам з раённых выканкаму?.. Або як ацаніць практыку гарадзенскага вытворчага аб’яднаньня “Азот”, дзе, паводле Сямёна Домаша, рабочых адпускаюць пасьля абеду з працы й ставяць умову: прагаласуеце датэрмінова, адзначым вам поўны працоўны дзень, прайгнаруеце выбарчы ўчастак — атрымаеце прагул…

Гэтыя і мноства падобных фактаў прадстаўнікі апазыцыі прыводзілі ня толькі, і нават, ня столькі дзеля таго, каб паскардзіцца замежнікам на ўлады. Яны зьвярталі ўвагу на тое, што на выбарах у гэтак званы парлямэнт абкатваюцца мэханізмы й тэхналёгіі наступнае прэзыдэнцкае кампаніі. І калі Эўропа цяпер паставіцца да гэтага абыякава, брудныя прыёмы будуць ужывацца ў 2001 годзе яшчэ больш часта й цынічна.

Ці падзяляюць міжнародныя чыноўнікі меркаваньне пра гэтую небясьпеку? Вось што думае на гэты конт прафэсар Юры Хадыка:

(Хадыка: ) “Я яшчэ раз пераканаўся, што ў адносінах з прадстаўнікамі эўрапейскіх дэмакратычных арганізацыяў трэба ўлічваць іх рэальныя магчымасьці. І адной з такіх карысных магчымасьцяў ёсьць працяг іх дзейнасьці пасьля тога выбарчага фарсу. Яны згодныя, яны разумеюць, што выбары 15 кастрычніка ня ёсьць дэмакратычнымі, і я лічу, што тая палеміка, якая была ў пачатку і якая тычылася дакладнай фармулёўкі іх місіі, іх функцыянальных магчымасьцяў сёньня тут, у Менску. І я спадзяюся, што проста адкрыты заклік да тога, каб яны скарысталі свае магчымасьці для растлумачэньня ўнутры сваіх парлямэнтаў, што выбары гэтыя прызнаваць немагчыма, я думаю, яны зразумелі”.

Гэта быў Юры Хадыка.

Сёньня “тройка” правяла працяглую і грунтоўную размову з кіраўніком Цэнтральнае каардынацайнае рады ў справе назіраньня за выбарамі Мечыславам Грыбам. На думку спадара Грыба, ён здолеў пераканаць “эўрапейцаў” у тым, што “вэртыкаль цалкам падмяніла выбарчыя камісіі. Менавіта яна паўсюдна камандуе, што і як рабіць. Папярэдні аналіз выбарчае кампаніі паказвае, што выбары маюць недэмакратычны й несвабодны характар”.

І другое: сёньня парлямэнцкая “тройка” на просьбу апазыцыі выпусьціла адмысловы прэсавы рэліз, у якім падкрэсьліваецца, што, у адпаведнасьці з рашэньнямі 3-е венскае тэхнічнае канфэрэнцыі “місія парлямэнцкае “тройкі” ня ёсьць місіяй міжнародных назіральнікаў”.

Уладзімер Глод, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org