RFE/RL |
Нядзеля, 15 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
(эфір 14 кастрычніка) Два кандыдаты ў дэпутаты так званай “Палаты прадстаўнікоў” Гомельска-Сельмашаўскай выбарчай акругі №34 зьвярнуліся ў пракуратуру, акруговую камісію і Цэнтарвыбаркам із заявамі пра грубыя парушэньні іх сапернікам, дырэктарам канцэрну “Белрэсурсы” Юрыем Астапчанкам Выбарчага кодэксу. Сёньня кандыдаты ў дэпутаты Ўладзімер Сякерка і Валянціна Савасьценка, што паведамлялі ў пракуратуру і Цэнтарвыбаркам пра парушэньне Юрыем Астапчанкам Выбарчага кодэксу, ладзілі прэсавую канфэрэнцыю для журналістаў. Вось што, у прыватнасьці, заявіў на ёй кандыдат у дэпутаты ад ПКБ спадар Сякерка. (Сякерка: ) “З боку кандыдата ў дэпутаты Астапчанкі Юрыя Леанідавіча і ягонай групы падтрымкі дапушчаны шэраг грубейшых парушэньняў Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь, што карэнным чынам можа паўплываць на вынікі галасаваньня і дае падставу мне ўжо сёньня заявіць пра прызнаньне выбараў у 34 акрузе несапраўднымі – якімі б яны ні былі. У мяне было нават ўчора рашэньне зьняць сваю кандыдатуру на знак пратэсту. Але паколькі я вылучаны кандыдатам у дэпутаты ад партыі, дазволу на гэта мне не далі цэнтральныя ворганы ПКБ”, – сказаў Уладзімер Сякерка. У якасьці прыкладаў парушэньня парадку вядзеньня перадвыбарчай агітацыі
кандыдат ад камуністаў назваў няплянавы выхад шматтыражнай газэты “Сельмашавец”
накладам 20 тысячаў асобнікаў (у дзесяць разоў большы за звычайны) ў падтрымку
Юрыя Астапчанкі.
Нават згаданыя факты, паводле слоў спадара Сякеркі, ставяць у няроўныя ўмовы кандыдатаў у дэпутаты і даюць падставу прызнаць выбары несапраўднымі. Вынікі іх у 34-й акрузе кандыдат ад камуністаў зьбіраецца аспрэчваць у судзе. Заўважу, што Юрый Астапчанка абіраўся дэпутатам ў згаданай акрузе на мінулых выбарах. Тыды ён быў дырэктарам гомельскага гандлёвага прадпрыемства “Аблгандальсаюз”. У 1996 годзе пасьля сумнавядомага рэфэрэндуму Астапчанка ўвайшоў у лукашэнкавую “Палату прадстаўнікоў” і неўзабаве атрымаў пасаду дырэктара канцэрну “Белрэсурсы”. Цяпер ён скарыстоўвае на выбарах так званы адміністрацыйны рэсурс. Казімер Яноўскі, Гомель
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |