RFE/RL |
Пятніца, 13 Кастрычніка 2000 |
Сёньня: |
Фінансавыя ўлады падоўжылі перасьлед прыватнае менскае друкарні “Мэджык”. Падатковыя ворганы пагражаюць “арыштаваць” ейную маёмасць. Дырэктар “Мэджыку” Юры Будзько паведаміў нашаму радыё наступныя падрабязнасьці новае хвалі адміністрацыйнага гвалту ў дачыненьні да прыватнае друкарні: “Сёньня зьявіўся падатковы камітэт Ленінскага раёну, які заявіў, што ў іх ёсьць інфармацыя такога зьместу. Што мы нібыта карыстаемся абсталяваньнем, якое належыць зьліквідаванаму калісьці беларускаму фонду Сораса. З гэтае прычыны яны зьбіраюцца ажыцьцявіць вопіс гэтае маёмасьці й сканфіскаваць яе за тое, што фонд Сораса нібыта мае даўгі перад дзяржаваю ў выглядзе нявыплачаных падаткаў. Мы дамовіліся больш грунтоўна абмеркаваць гэтае пытаньне ў панядзелак, таму што ў дзяржаўных чыноўнікаў сёньня вельмі нэрвовая атмасфэра напярэдадні выбараў”, — зазначыў Юры Будзько. Сёньняшняя пагроза прадстаўнікоў падатковых ворганаў прагучэла ўсяго праз тры дні пасьля карнага захаду ў дачыненьні “Мэджыка” з боку камітэту фінансавых расьледаваньняў. Як зазначыў дырэктар прыватнае друкарні, гэты камітэт без аніякіх тлумачэньняў “замарозіў” банкаўскі рахунак прадпрыемства. Сёньня ягоным працаўнікам мусілі былі, паводле графіку, выдаць заробкі. Аднак з прычыны санкцыяў камітэту фінансавых расьледаваньняў пяць дзясяткаў працаўнікоў “Мэджыку” мусяць сустрэць абвешчаныя ўладамі выбары 15 кастрычніка без заробкаў. На думку Юрыя Будзько, цяперашні перасьлед “Меджыку” зьвязаны зь дзейнасьцю прадпрыемства, якое друкуе незалежныя выданьні. Тры тыдні таму гэтае прыватнае прадпрыемства ўжо мела канфлікт з уладамі. Непрыемнасьці для яго паўсталі пасьля таго, як быў надрукаваны наклад газэты “Рабочы”, дзе, паводле меркаваньня ўладаў, утрымліваўся заклік да байкоту цяперашніх выбараў. І хаця суд адхіліў згаданыя абвінавачваньні, “Мэджык”, няма сумневу, патрапіў у “чорны” сьпіс структураў, што “замінаюць” дзяржаве. Між тым, на думку Юрыя Будзько, для цяперашняга перасьледу ва ўладаў няма ніякіх падставаў: “Я хочу спакойна працаваць. Я друкую газэты самай рознай скіраванасьці, розных партыяў. Мая грамадзкая місія — даваць розным людзям законна выказаць свой пункт гледжаньня. Я не належу ні да якіх партыяў”, — зазначыў Юры Будзько. Міхал Стэльмак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |