RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 13 Кастрычніка 2000

Сёньня



Старшыня Пухавіцкае філіі БСДП “Народная Грамада” Мікола Ўсьціменка накіраваў ліст у тэхнічную місію АБСЭ пра грубыя парушэньні заканадаўства мясцовай выбарчай камісіяй.

Больш падрабязна пра адметнасьці выбарчага працэсу ў Мар’інай Горцы ды ў іншых гарадох Менскае вобласьці распавядае наш карэспандэнт.

У сваім лісьце ў місію АБСЭ Мікола Ўсьціменка, як назіральнік за выбарамі ў Пухавіцкім раёне, паведамляе, што кіраўнікі раёну, якія адначасова ёсьць кіраўнікамі акруговае камісіі гэтымі днямі выселілі з будынку выканкаму, дзе камісія разьмяшчалася, ейных шэраговых чальцоў. Яны, паводле інфармацыі спадара Ўсьціменкі, зараз накіраваныя дзеля кадравага ўмацаваньня участковых камісіяў. А кіраўнікі выканкаму — кіраўнікі акруговае камісіі — цяпер кантралююць выбарчы працэс, не выходзячы з уласных габінэтаў.

Па-другое, паведамляе аўтар ліста, у Мар’інай Горцы зарганізаваныя сакрэтныя ўчасткі №61 і №62. Яны так і названыя — сакрэтнымі — у адмысловай абвестцы, што апублікаваная ў тутэйшай афіцыйнай газэце “Пухавіцкія навіны”…

Гаворыць Мікола Ўсьціменка:

( стужка , М.Усьціменка распавядае аб разьмешчаных за высокай агароджай на тэрыторыі Марьінагорскай брыгады спэцназу двух выбарчых участках для галасаваньня, куды не дапускаюць назіральнікаў: ) “Прычым, сфармаваныя гэтыя камісіі выключна з вайскоўцаў. Гэта ж парушэньне арт. 13 Выбарчага кодэксу. Я быў папярэджаны, што на гэтыя ўчасткі назіральнікі ніколі не дапускаліся. Папярэджаньне атрымаў ад Цмаркавай – сакратара акружной выбарчай камісіі. Там стаіць плот 2 мэтра вышыні, і туды прайсьці немагчыма”.

Імкненьне да патаемнасьці ў выбарчых справах заўважанае назіральнікамі і ў іншых рэгіёнах Меншчыны.

Вось што мне распавёў у Барысаве на выбарчым участку №23 Анатоль Бельскі, сябра мясцовае філіі БНФ:

(стужка, А.Бельскі распавядае пра тое, як яму не дазваляў назіраць за выбарамі на згаданым участку старшыня ўчастковай камісыі спадар Брылюк: ) “Ціск быў, бо старшыні камісіі спачатку мала было нашага пасьведчаньня. Я сказаў, што, калі нас выганяць адсюль, мы пратакол напішам, а пасьля людзям давядзем, што адбылося. На такой ноце й скончылася”.

Як паведамляюць з Салігорску, там старшыня Клюбу выбаршчыкаў Мікола Дзяленьдзік вось ужо два тыдні ня можа дамагчыся ад кіраўніцтва мясцовай акруговае камісіі сьпісаў чальцоў участковых камісіяў — гэтыя сьпісы чамусьці ў свой час не былі надрукаваныя. Паводле інфармацыі назіральнікаў, за 3 дні ўдзел у папярэднім галасаваньні ў розных рэгіёнах сталічнае вобласьці ўзялі ў сярэднім ад сямісот да тысячы чалавек у кожнай акрузе.

Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org