RFE/RL |
Пятніца, 13 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
Міжнародная Гэльсынская фэдэрацыя прыняла сёньня заяву адносна выбараў у Беларусі, у якой зазначаецца, што выбарчы працэс цалкам кантралюецца і маніпулюецца ўладамі, што грамадзянаў прымушаць галасаваць датэрмінова, і што гэтыя выбары ніяк ня могуць быць прызнаныя свабоднымі й справядлівымі. МГФ адмаўляецца назіраць за гэтымі выбарамі ў дзень галасаваньня. Выканаўчы дырэктар Міжнароднай Гэльсынскай фэдэрацыі за правы чалавека Эран Роўдз (Aaron Rhodes) зазначыў сёньня ў Менску, што ягоная арганізацыя, грунтуючыся на шматлікіх фактах, ня можа прызнаць выбары ў Беларусі сумленнымі: (Роўдз: ) “Гэтыя так званыя “выбары” больш падобныя на прызначэньне дзяржаваю ў парлямэнт, які зьяўляецца “пацёмкінскай вёскаю”. Гэтыя “выбары” нагадваюць нам рэфэрэндум 96-га году, калі вынікі былі вядомыя яшчэ да адкрыцьця выбарчых участкаў. Ёсьць шмат паведамленьняў, што ўлады ціснуць на людзей з мэтаю прымусіць іх галасаваць датэрмінова. Але найбольшы шок быў у нас, калі мы даведаліся, што некаторыя дырэктары школаў здымалі дзяцей з заняткаў і забавязвалі іх разносіць улёткі, прымушаючы тым самым да палітычнае дзейнасьці”, — зазначыў выканаўчы дырэктар МГФ Эран Роўдз. Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына так адрэагавала на названыя ім абвінавачваньні: (Ярмошына: ) “Тое, што ўлады заклікаюць галасаваць і вядуць пэўную работу ў калектывах, заклікаючы прыйсьці і прагаласаваць, гэты факт ёсьць. Але гэта не парушэньне закону. Фактаў прымусу няма”. Паведаміла Лідзія Ярмошына. Паводле ейных словаў, дзеці выкарыстоўваліся ў выбарчай кампаніі для разносу запрашэньняў на выбары, бо на пасылку іх поштаю ў выбаркамаў няма грошай… Эран Роўдз таксама выказаў свой непакой за рэакцыю ўладаў на акцыю апазыцыі 14 кастрычніка ў Менску і заклікаў даць грамадзянам магчымасьць адкрыта выказаць сваю думку пра неабходнасьць байкатаваньня несправядлівых выбараў. Прадстаўнікі Міжнароднае Гэльсынскае фэдэрацыі, якія цяпер знаходзяцца ў Менску, як зазначыў Эран Роўдз, адмовіліся ад назіраньня за выбарамі ў дзень галасаваньня. Аднак за выбарамі будзе назіраць больш як пяць тысячаў незалежных назіральнікаў. Гаворыць кіраўнік Цэнтральнае Каардынацыйнае рады ў справе назіраньня за выбарамі: (Грыб: ) “Мы падрыхтавалі на сёньня 5600 наглядальнікаў і накіравалі іх на ўчасткі. Ва ўчастковыя камісіі, акруговыя. Праўда, ня ўсюль іх прынялі. Паводле маіх зьвестак, 26-ці адмовілі ў нагляданьні паводле надуманых падставаў”. Гэта быў Мечыслаў Грыб. Ён паведаміў, што папярэднія вынікі назіраньня будуць абвешчаныя ў панядзелак. Валер Каліноўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |