RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 13 Кастрычніка 2000

Сёньня



Учора ў адказ на забойства двух затрыманых раней ізраільскіх жаўнэраў авіяцыя Ізраілю абстраляла некалькі аб’ктаў палестынскай адміністрацыі і паліцыі ў сэктары Газа і на Заходнім беразе ракі Іярдан. Кіраўніцтва палестынскай аўтаноміі разглядае апошнія падзеі як акт абвяшчэньня вайны з боку Ізраілю…

Сярод больш як 100 забітых падчас гэтага канфлікту амаль усе палестынцы, у тым ліку 13 палестынцаў-жахароў Ізраілю. Але апошні выбух гвалтаў быў выкліканы забойствам, хутчэй, лінчаваньнем двух ізраільскіх жаўнераў, якія заблукалі і трапілі ў цэнтр палестынскага гораду Рамаллах.

Там іх затрымала мясцовая паліцыя. Але вестка аб іх затрыманьні адразу разышлася па горадзе і раз’юшаны натоўп палестынцаў пасля малітвы ў мячэці штурмам узяў паліцэйскі участак і зьлінчаваў затрыманых. Як піша амэрыканская газэта “New York Times”, апратары італьянскага тэлебачаньня здымалі ўсю сцэну забойства, і на паказанай па тэлебачаньні стужцы выразна бачна, што паліцыя добраахвотна перадала натоўпу ізраільскіх жаўнэраў на расправу.

“New York Times” таксама сьцвярджае, што палестынскія паліцыянты заахвочвалі заходніх тэлеапэратараў здымаць плямы крыві забітых. “Няхай ізраільскія маці пабачаць яе, - заявіў адзін з палестынскіх паліцыянтаў, - каб яны зразумелі, што нашыя маці прайшлі праз гэта”.

З асуджэньнем гэтага забойства выступілі шматлікія усясьветныя лідары, а кіраўнік Палестынскай аўтаноміі Ясір Арафат аддаў загад правесьці грунтоўнае расьследваньне.

Дзяржаўны сакратар ЗША Мэдэлін Олбрайт наступным чынам пракамэнтавала гэтую трагедыю:

(Олбрайт: ) “Я хачу падкрэсліць, што ЗША моцна засмучаныя забойствам ізраільскіх жаўнэраў у Рамаллаху. Я таксама хачу выказаць спачуваньне сем’ям усіх тых, палестынцам і ізраільцянам, якія сталі ахвярамі жахлівага гвалту апошніх дзён”.

Але адначасна Мэдэлін Олбрайт падкрэсліла, што гэтыя акты гвалту не павінны выклікаць новыя злачынствы.

(Олбрайт: ) “Як бы не былі ізраільцяне абураныя забойствам сваіх жаўнэраў, Ізраіль павінен неадкладна спыніць дзеяньня сваіх ваенна-паветраных сілаў. Настаў час, каб лідэры паказалі рашучасць”.

Мэдэлін Олбрайт падтрымаў і прэзыдэнт Біл Клінтан:

(Клінтан: ) “Надышоў час прыпыніць крываліцьцё, аднавіць спакой і канчаткова вярнуцца да перамоваў”.

З заклікамі да спакою звярнуліся да лідэраў Ізраілю і Палестыны прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Тоні Блэйер, прэзыдэнт Францыі Жак Шырак і Генэральны сакратар ААН Кофі Анан.

Але пэрспэктывы міру на Блізкім Усходзе даволі змрочныя. Прэм’ер-міністр Ізраілю Эхуд Барак намагаецца выкарыстаць сытуацыю дзеля ўмацаваньня свайго аўтарытэту ў якасьці “моцнага чалавека”, а таксама дзеля пераадоленьня ўрадавага крызысу.

Ён заклікаў да стварэньня ўраду “надзвычайнай сытуацыі”, да ўдзелу ў якім запрасіў правую партыю Лікуд, лідар якой Арыель Шарон, як сьцьвярджаюць некаторыя, выразна спрычыніўся да цяперашняга крызісу. Менавіта ягоны візыт у сьвятыя мусульманскія месцы (мячэць Аль Акса) выклікаў моцнае абурэньне палестынцаў, і пачаліся беспарадкі.

Прэм’ер-міністар Ізраілю Эхуд Барак, камэнтуючы заяву кіраўніка палестынскай аўтаноміі Ясіра Арафата аб тым, што дзеяньні ізраільскіх ваенна-паветраных сілаў сымбалізуюць сабой пачатак вайны, заявіў: “Гэта прапаганда. Ізраіль выкарыстаў адну мільённую частку таго, што б ён мог зрабіць, калі б пачалася сапраўдная вайна”.

У ізраільскім грамадзтве ў сувязі з апошнімі падзеямі выразна ўзраслі антыарабскія настроі. Яны ахапілі нават тых, хто апошнія гады найбольш пасьлядоўна выступаў у падтрымку ідэі ізраільска-палестынскага замірэньня.

Вядомы ізраільскі пісьменьнік, адзін з лідэраў пацыфісцкага руху Амоз Оз, заявіў: “Я абвінавачваю палестынскае кіраўніцтва. Яно выразна не хацела падпісваць пагадненьня ў Кэмп Дэвідзе. Можа Ясір Арафат хоча быць Чэ Геварам, а не Фідэлям Кастра. Калі ён стане прэзыдэнтам Палестыны, ён будзе лідарэм шэраговай малой краіны трэцьцяга сьвету. Яму давядзецца вырашаць праблемы каналізацыі ў Гэброне, наркотыкаў у Газе і карупцыі ў яго ўласным урадзе”.

Тэрыторыя Ізраіля і Плестыны разам – гэта прыблізна адна дзесятая тэрыторыі Беларусі. Жыве ж там амаль столькі ж насельніцтва, як на беларускай тэрыторыі. Арабы і яўрэі ў Палестыне амаль адвечныя суседзі, і іх будучыня можа быць толькі супольная. Мірнаму ўрэгуляваньню паміж ізраільцянамі і пластынцамі няма альтэрнатывы. І чым хутчэй гэта зразуюць іх лідэры, тым хутчэй можна будзе пачаць пабудову супольнай, шчаслівай і мірнай будучыні.

Мікола Іваноў, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org