RFE/RL |
Пятніца, 13 Кастрычніка 2000 |
Сёньня: |
Усьлед за міліцыяй і судамі да перасьледу тых, хто заклікае да байкоту выбараў, далучыліся і адміністрацыйныя камісіі выканаўчых камітэтаў. Учора адміністрацыйная камісія Сьветлагорскага гарадзкога выканкаму, якую ўзначальвае першы намесьнік старшыні Яўген Ждановіч, аштрафавала на 18 тысячаў рублёў кіраўніка гарадзкое суполкі БНФ Віктара Ахрамчука. Парушэньне выявілася “ў распаўсюджваньні друкаваных выданьняў, якія выраблены с парушэньнем усталяванага парадку, ня маюць выпускных зьвестак і ўтрымліваюць заклік да байкоту выбараў”. Кіраўнік сьветлагорскіх народнафронтаўцаў быў схоплены міліцыянтамі ля аўтастанцыі на мінулым тыдні. Пад час вобшуку ў яго знайшлі 21 налепку “Байкот-2000” і тры — “STOP LUKA!”. За гэтыя налепкі адміністрацыйная камісія гарадзкога выканкаму і аштрафавала Ахрамчука. А сёньня ў Буда-Кашалёве аб 11-й гадзіне супрацоўнікі дзяржаўнай аўтаінспэкцыі Леанід Гурскі і Аляксандар Васільцоў адабралі, адагналі ў пастарунак і апячаталі аўтамашыну “Волга”, якая належыць фэрмэрскай гаспадарцы і якой карыстаўся яе галоўны інжынэр, раённы каардынатар назіральнікаў за выбарамі Ігар Кекелеў. На спадара Кекелева склалі акт пра адсутнасьць тэхнічнага пашпарту, хаця на аўтамашыне ён ня ехаў. “Волга” стаяла ля дрэваапрацоўчага цэху. Пра сапраўдныя матывы арышту аўтамашыны распавядае сам спадар Кекелеў: «Мяне пасьля пікету 8 кастрычніка запрасіў да сябе на гутарку начальнік міліцыі падпалкоўнік Воінаў. Але я да яго не пайшоў. Я зьяўляюся раённым каардынатарам і актыўна проводжу байкот выбараў. На гэтай аўтамашыне ў непрацоўны час я аб'яжджаю ўчасткі, сустракаюся зь людзьмі. Лічу, што гэта матывы, каб пазбавіць мяне магчымасьці працягваць працу раённага каардынатара і кампаніі байкоту выбараў”, — сказаў Ігар Кекелеў. Казімер Яноўскі, Гомель
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |