RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 13 Кастрычніка 2000

Сёньня



Сёньня ў Пінску адбыліся адразу дзьве акцыі, на якіх пінчукі дэманстравалі сваё стаўленьне да выбараў 15-га кастрычніка. Сябры мясцовай філіі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ ладзілі пікет супраць выбарчага фарсу. Уначы невядомыя на сьценах будынкаў гораду пакінулі надпісы антывыбарчага зьместу…

Сёньня раніцай жыхары амаль усіх мікрараёнаў Пінску маглі бачыць на сьценах будынкаў вялізарныя надпісы кшталту “15-га кастрычніка – падман”, “Не – выбарчаму фарсу!”, “Жыве Беларусь!” ды іншыя.

Праўдападобна, што такой колькасьці графіці ў Пінску яшчэ не было. Каля 8-й раніцы – час пачатку рабочага дня – некаторыя надпісы ўжо пачалі замалёўваць. Тут варта адзначыць, што ў некаторых людных раёнах гораду надпісы сатанінскага зьместу альбо нецэнзурныя застаюцца нечапанымі цягам некалькіх месяцаў і нават гадоў.

Сябры мясцовай філіі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі Беларускага народнага фронту ладзілі сёньня а 12-й гадзіне на традыцыйным месцы – перакрыжаваньні вуліцаў імя Пушкіна і Іркуцка-пінскай дывізіі – санкцыянаваны пікет, у часе якога размаўлялі зь мінакамі, заклікалі пінчукоў да няўдзелу ў выбарчым фарсе.

Замест фарсу фронтаўцы патрабавалі справядлівыя, свабодныя і дэмакратычныя выбары. Пра нядаўнія падзеі ў Югаславіі нагадваў плякат “Сёньня Югаславія – заўтра Беларусь”. Пікет пільнавалі міліцыянты разам са спэцапэратарам.

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org