RFE/RL |
Пятніца, 13 Кастрычніка 2000 |
Сёньня: |
Надзвычайны й паўнамоцны амбасадар Дзяржавы Ізраіль у Беларусі Мартын Пелед-Флэкс наладзіў прэсавую канфэрэнцыю на тэму сытуацыі на Блізкім Усходзе. Ніколі ў жыцьці мне яшчэ не даводзілася сустракацца з такімі беспрэцэдэнтнымі захадамі бясьпекі, як у ізраільскай амбасадзе ў Беларусі. Ахоўнікі ня толькі праверылі ўсе сумкі ў запрошаных на сустрэчу журналістаў, але нават уважліва гарталі паперы й нататнікі кожнага з нас, нешта шукаючы паміж аркушаў. Зрэшты, напэўна, варта зразумець прадстаўнікоў ізраільскае дзяржавы, якая дзесяцігодзьдзямі жыве ва ўмовах вайны й барацьбы з тэрарызмам. Ваеннай лексікаю быў прасякнуты й выступ ізраільскага амбасадара. Мартын Пелед-Флэкс падрабязна спыніўся на падзеях, якія папярэднічала крызысу апошніх дзён. Амбасадар падкрэсьліў, што, пачынаючы ад ліпеню, ізраільскі бок пайшоў на беспрэцэдэнтныя саступкі палестынцам, якія, аднак, адказалі на гэта гвалтоўнымі дзеяньнямі. “Кожны раз, калі палестынцы ня могуць дасягнуць свайго шляхам перамоваў, яны прыбягаюць да гвалту”, — адзначыў спадар Пелед-Флэкс. Кульмінацыяй стала ўчорашняе лінчаваньне двух абяззброеных салдат, на што Ізраіль адказаў ударамі па палестынскіх аб’ектах. “Гэта было папярэджаньне. Палестынцы мусяць добра зразумець, што Ізраіль — моцная краіна, якая мае моцныя ўзброеныя сілы”, — падкрэсьліў Мартын Пелед-Флэкс. Адзін з журналістаў задаў амбасадару пытаньне, колькі загінула палестынцаў ды ізраільцянаў пад час процістаяньня апошніх двух тыдняў. Як вядома, загінула 8 ізраільцянаў і звыш ста палестынцаў. Аднак Ізраільскі амбасадар казаў толькі пра ахвяры зь ізраільскага боку. “Калі нехта думае, што мы будзем прабачацца перад палестынцамі, дык яны не дачакаюцца прабачэньняў. Ніхто зь іх не быў бы забіты, калі б не затакаваў ізраільскіх салдат і пазыцыі сілаў бясьпекі”, — заявіў спадар амбасадар. Я задаў спадару амбасадару пытаньне: “Як у Ізраілі ацэньваюць нядаўнюю рэзалюцыю Рады Бясьпекі ААН, якая асуджае Ізраіль за празьмернае ўжываньне сілы?”. На гэта Мартын Пелед-Флэкс адказаў: “Калі сябры Рады Бясьпекі ААН думалі, што рэзалюцыя можа неяк супакоіць сытуацыю, паменшыць узровень гвалту, на жаль, яны зрабілі жахлівы пралік”. Амбасадар Ізраіля лічыць таксама, што бліжэйшыя дні стануць вырашальнымі для блізкаўсходняга мірнага працэсу. Ён падкрэсьліў, што Ізраіль гатовы сесьці за стол перамоваў адразу пасьля таго, як палестынцы спыняць свае гвалтоўныя дзеяньні. Віталь Цыганкоў, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |