RFE/RL |
Пятніца, 13 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
Навіны культуры мінулага тыдня Польскі Інстытут ладзіць 17 кастрычніка ў кінатэатры “Масква” эксклюзыўны паказ знакамітай гістарычнай стужкі Ежы Гофмана “Агнём і мячом”. Поўны крыві й рамантыкі, фільм распавядае пра змаганьне Польшчы й запароскіх казакаў за ўладу над Украінай. Першапачаткова плянавалася паказаць гэтую найдаражэйшую ў гісторыі польскага кіно стужку двойчы — 14 і 15 кастрычніка, у Менск былі запрошаныя аўтары карціны, але гарадзкі выканкам прымусіў адкласьці прэм’еру ў сувязі з выбарамі ў гэтак званую Паляту прадстаўнікоў. Аўтары стужкі цяпер не прыедуць. У берасьцейскім грамадзка-культурным цэнтры адчынілася выстава, прысьвечаная помнікам архітэктуры Берасьця. Аўтары больш як ста аркушаў графікі й палотнаў — студэнты архітэктурнага факультэту Берасьцейскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту. У Доме дружбы прайшла разьвітальная вечарына пасла Індыі ў Беларусі пані Мадха Бхадуры, якая атрымала прызначэньне на пасаду пасла Індыі ў Партугаліі. Апроч дыпляматыі, пані Бхадуры стала займаецца літаратурнай творчасьцяй. У беларускіх часопісах друкаваліся яе вершы, п’есы, раман “Прыліў”. Намесьнік міністра культуры Валеры Гядройц паабяцаў, што міністэрства прафінансуе пастаноўку п’есы пані Бхадуры “Зямля й неба” ў адным з сталічных тэатраў. Катэдра кіна- й тэлемастацтва Беларускае Акадэміі Мастацтваў атрымала Гран-пры Міжнароднага студэнцкага фэстывалю аўдыёвізуальных мастацтваў ”Фаст-Фэст-Уікэнд”, які прайшоў у сталіцы Ўкраіны. Апроч таго, студэнт БелАМ Аляксандар Гайдук, аўтар фільму “Іваныч”, атрымаў фэстывальны прыз за лепшую рэжысуру, а Максім Субоцін і Вадзім Пацеяў — прыз за лепшае адлюстраваньне праблемаў моладзі ў сацыяльным роліку “Час казаць галоўнае”. Шкада, але сёлета катэдра кіна- й тэлемастацтва не рабіла новага набору студэнтаў, бо ў Беларусі тэлевізійных каналаў вельмі мала, і нават сярод тэлевізыйшчыкаў-вэтэранаў многія цяпер ня маюць працы. Гомельскі абласны тэатар лялек існуе ўжо 37 гадоў, але да гэтуль ня мае ўласнага памяшканьня, і таму выступае па школах і вясковых клюбах. Гарадзкі выканкам, нарэшце, знайшоў для тэатру непатрэбны будынак, але колькі часу спатрэбіцца на ягоную рэстаўрацыю — пакуль невядома. У Мар’інай Горцы прайшоў абласны конкурс “Грай, гармонік”. Тытул лепшага на Меншчыне гурта народнае музыкі атрымаў ансамбаль “Весялуха” з Пухавіцкага раёну. Лепшы гарманіст — Валеры Сальнік з-пад Маладэчна. У конкурсе прыпевачніц перамагла Валянтына Аляксеява зь Любаншчыны. Яна ўразіла журы й публіку тым, што аднолькава добра сьпявае жаночым і мужчынскім голасам. Юрась Барысевіч, Менск.
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |