RFE/RL |
Чацьвер, 12 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
“Свабодны прафсаюз ведае, што трэба рабіць 15 кастрычніка,” – цытуе старшыню СПБ Генадзя Быкава газэта “Рабочы”. Агляд чарговага нумару газэты… Сорак другі нумар газеты “Рабочы” пачынаецца ўзрушаным вершам – зваротам да братоў-беларусаў, зь якім зьвярнулася да землякоў удзельніца мітынгу ў Оршы Яўгенія Казлова: “...Прашу, заклікаю, браткі, не маўчыце!
22 беларускія гарады ў мінулыя выхадныя, 8 кастрычніка падключыліся да акцыі аб’яднанай апазыцыі пад агульным лёзунгам “Супраць выбарчага фарсу – за дэмакратычныя выбары”. Дзесяткі тысяч людзей выйшлі на вуліцы і заклікалі суайчыннікаў не падыгрываць уладзе 15 кастрычніка і падтрымаць кампанію “Байкот-2000”. У асобных гарадах падобныя мерапрыемствы праходзілі ўпершыню за апошнія шэсць гадоў. У рэгіёне на сустрэчы з насельніцтвам выязджалі вядомыя беларускія палітыкі, журналісты, назіральнікі ад АБСЕ. Кароткія інфармацыі з месцаў, а таксама паведамленьні аб запалохваньні актывістаў з апазіцыі, правакацыях мясцовых прыхільнікаў РНЕ, уціску міліцыянтаў падрыхтаваны карэспандэнтамі “Рабочага” разам з прэс-цэнтрам БНФ “Адраджэньне” і праваабарончым цэнтрам “Вясна”. Прыцягвае ўвагу публікацыя “Свабодны прафсаюз ведае, што трэба рабіць 15 кастрычніка”, па матэрыялах прэс-канферэнцыі старшыні Свабоднаага прафсаюзу Беларускага (СПБ) Генадзя Быкава. Падборка нагадвае пра адсутнасьць перарэгістрацыі першасных і рэгіянальных суполак СПБ, пра абмежаваньні, уведзеныя новым законам “Аб прафсаюзах”, пра намер дзяржавы стварыць “кішэнныя” прафсаюзы пад выглядам “свабодных”. Побач – тэкст прафсаюзнага рашэньня пра адмову ад ўдзелу ў выбарах у т.зв. Палату прадстаўнікоў. Далей – здымак “жывой “Пагоні”. Фотакарэспандэнт Юры Дзядзінкін вяртае чытача да падзеяў “Маршу Свабоды-3” у Менску. Як вядома, шэсьце мусілі былі адкрыць юныя вершнікі, выхаванцы менскага клюбу “Рыцары Вялікага княства” пры Згуртаваньні беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. Але пагарцаваць па сталічных вуліцах у рыцарскім абліччы ды пад бел-чырвона-белым сьцягам маладым ваярам не давялося, хаця дамова з уладамі на гэты конт папярэдне была дасягнутая. Міліцыя зрабіла ўсё магчымае, каб ня выпусьціць конных рыцараў у парк Дружбы Народаў… Перадвыбарчы анэкдот, што зьмешчаны на шостай старонцы, выразна вызначае яе зьмест. Тут распавядаецца, як у нашай краіне сёньня праходзяць “агітацыйныя мерапрыемствы” па ўздзеяньні прадстаўнікоў улады на выбарчшыкаў. Вынік напрошваецца адназначны – ад кожнага з нас паасобку сёньня сапраўды нічога ўжо не залежыць… Прыцягвае ўвагу тэматычная старонка “Кашалёк”. Па-першае, тут можна параўнаць памер сваёй уласнай зарплаты з памерам сярэдняй у розных галінах народнай гаспадаркі. Па-другое, незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў тлумачыць, чаму з намінальным ростам платы за нашу працу, атрыманых грошай нам усё роўна не хапае на штодзённае пражыцьцё. Па-трэцяе, нейкая чытачка з Менску заўважыла факт эканамічнай расейскай інтэрвэнцыі, аналізуючы цэны на харчаваньне ў магазінах. Так, сёньня сасіскі, масла і малако з суседняй краіны каштуюць таньней чым тыя ж вырабы айчыннай вытворчасьці. І гэта, напэўна, можа стаць пераканаўчай перамогай над нашым сельскагаспадарчым сэктарам. Тым ня менш, апытаньне грамадзкага меркаваньня сьведчыць, што паскарэньне рынкавых рэформаў і падтрымку прадпрыймальніцтва на Беларусі сёньня гатовыя падтрымаць адпаведна 74 і 70 адсоткаў апытаных. А ў той жа час вельмі многія лічаць, што дзяржава, як і раней, павінна рэгуляваць цэны на тавары і паслугі. Такой эканамічнай неразборлівасьцю насельніцтва, напэўна, можна тлумачыць і яго палітычную неразборлівасць… Сёмая паласа “Мой сусвет” прысьвечаная падзеям у Югаславіі. Да таго ж у нумары традыцыйны “Беларускі каляндар”, чайнворд, спорт. Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |