RFE/RL |
Чацьвер, 12 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
Сёньня ў канцэртнай залі “Менск” прэзэнтуецца новы альбом гурту NRM “Тры чарапахі”. Напярэдадні лідэр гурту Лявон Вольскі распавёў пра сёньняшняе шоў і новы альбом нашаму карэспандэнту. Імпрэза мае назоў “Экзатычны тур у Незалежную Рэспубліку Мрою. На возера трох чарапахаў”. Апынуўшыся ў кацэртнай залі, гледачы становяцца пасажырамі самалёту, які ляціць у Незалежную Рэспубліку Мрою — NRM. Празь нейкі час тэрарысты паспрабуюць захапіць ляйнэр і ўцячы на ім ў Расею. У перапынку ляйнэр прызямліцца ў міжнародным аэрапорце “Гамон-1”. Першае, што кінецца ў вочы гледачам-пасажырам — гэта выбарчая кампанія, якая адбываецца ў Незалежнай Рэспубліцы Мроі… Стваральнікі прадстаўленьня усё ж аптымісты, і музычны палёт скончыцца гэпі-эндам. Драматургія шоў ёсьць гіранічнай рэакцыяй музыкаў на невясёлую беларускую рэчаіснасьць. Лідэр NRM Лявон Вольскі такую задуму эн-эр-эмаўцаў тлумачыць жаданьнем зрабіць праграму, якую б лёгка й дасьціпна ўспрымаў шараговы малады слухач: (Вольскі: ) “Час пашыраць аўдыторыю, даводзіць нашыя ідэі да масавага слухача. Баларускі рок дастаткова масавы, але патрэбнае ўсё ж яшчэ павелічэньне аўдыторыі. Таму што нашыя тэксты, як і тэксты любой беларускай рок-каманды, нясуць нейкія ідэі распрыгоненасьці. Нельга быць прыгнечаным дзяржаўным ладам, трэба быць асобай, дбаць пра сваю аўтаномнасьць, непаўторнасьць. Любое грамадзтва ёсьць машынай уціску, і трэба як мага далей быць ад гэтага ўціску. Спрабаваць уяўляць сябе асобным, у якім бы грамадзтве ты не знаходзіўся”. Разнастайныя паводле тэкстаў і гучаньня кампазыцыі, што складаюць новы альбом “Тры чарапахі”, зьвязваюцца ў адзінае цэлае гукавымі замалёўкамі з жыцьця сярэднестатыстычнага чалавека, жыхара NRM, разумей — Беларусі. Паўстае адзін дзень: ад раніцы да вечара напоўнены абсурдам. (Вольскі: ) “У альбом увайшло 10 песень. “Бамжы” – востранькая такая. “Катуй-ратуй” – задуменная. “Мая мэнтальнасьць”, “Катлет-матлет” – нічога агульнага тэкст ейны з назовам ня мае. Ёсьць песьня “Чыстае сьветлае”, ёсьць песьня “Дастала” – цяжкая. Адну песьню мы наогул нідзе ніколі ня гралі: яна завецца “Мы жывем някепска” – а-ля-народная. Песьня “Тры чарапахі” дала назоў усяму альбому – мы палічылі, што яна дастаткова гіранічная: калі недзе сьвет круціцца, то ў нас ён яшчэ стаіць на трох чарапахах”. (Маёрчык: ) “Ці варты перайманьня такі мэтад абстрагаваньня ад рэчаіснасьці, як утварэньне нечага віртуальнага, альбо варта змагацца за нармалёвыя ўмовы ў рэальным? “ (Вольскі: ) “Звычайная форма барацьбы: сабраліся людзі на шэсьце, прайшліся да пляцу Бангалор, пастаялі там 10 хвілінаў, потым разыйшліся. Мне здаецца, што гэта зараз не спрацоўвае. Трэба нейкія новыя формы – можа, гіранічныя…” (Маёрчык: ) “Такім чынам, у нейкім сэнсе зыход у рок-н-рол можна лічыць альтэрнатывай палітычнай дзейнасьці?” (Вольскі: ) “На дадзены час гэта, безумоўна, так, бо збольшага ўвесь беларускі рок-н-рол палітызаваны”. На песьнях гурту NRM ужо вырасла цэлая гэнэрацыя маладых беларусаў, якія ўсьведамляюць сябе грамадзянамі сувэрэннае вольнае Беларусі. На новым этапе сваёй творчасьці музыкі маюць на мэце пашырыць кола прыхільнікаў і сваёй музыкі, і ідэі беларушчыны ўвогуле. Праз рок-н-рол. Ягор Маёрчык, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |