RFE/RL |
Чацьвер, 12 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
12 кастрычніка прайшло апошняе пасяджэньне гэтак званае “Палаты прадстаўнікоў першага скліканьня”. Лукашэнка паабяцаў працаўладкаваньне тым з дэпутатаў, хто ня йдзе на другі тэрмін, ды наладзіў банкет. Да зыходу “Палата” прыняла бюджэт на наступны год. Відавочна, што Лукашэнка вырашыў не давяраць прыняцьцё бюджэту новым дэпутатам. На паседжаньні “Палаты прадстаўнікоў” Аляксандар Лукашэнка падвёў вынікі ейнае працы. Чамусьці ён заявіў, што вынікі рэфэрэндуму 96-га году цяпер прызнаныя і Захадам. Ён таксама выказаў думку, што ў Беларусі ня будзе югаслаўскага варыянту, які пажаданы апазыцыі. Паводле ягоных словаў, такі варыянт Беларусь перажыла ў 94-м годзе. Аляксандар Лукашэнка, такім чынам, параўнаў сябе з Каштуніцам, якога ён назваў праславянскім палітыкам. Але больш за ўсё размовы было пра выбары ў “Палату прадстаўнікоў”. Лукашэнка выказаў боязь, што ў новую “палату” прыйдзе, так бы мовіць, “жменька крыкуноў” і заклікаў не паддавацца на іх будучыя заявы. Ён зазначыў, што ўлада часам дзейнічала ня згодна з законам: глядзела на дзеяньні апазыцыі скрозь пальцы. Але пасьля выбараў, — прыгразіў Лукашэнка апазыцыі, — пэрыяд “гэтак званага даверу” скончыцца, маючы на ўвазе масавыя акцыі ў Менску й рэгіёнах, на якія Лукашэнка вельмі нэрвова рэагаваў. Зусім нечакана Лукашэнка распавёў пра падрабязнасьці сваёй учорашняй размовы зь лідэрам Расеі Ўладзімерам Пуціным. Упершыню, паводле ягоных словаў, у яго з Пуціным адбылася “размова на падвышаных танах”. У прыватнасьці, Пуцін папракнуў, што Беларусь купляе газ па 40 даляраў за кубамэтар пры ўсясьветным кошце 100 даляраў. Лукашэнка ў адказ пачаў гаварыць пра расейскі бясплатны транзыт празь Беларусь, пра нізкія кошты на трактары. Увогуле, Лукашэнка перастаў ужываць фармулёўку “саюзная дзяржава”, а гаворыць выключна пра саюз дзяржаваў… Лукашэнка зноў заявіў, што Расея вінная Беларусі каля мільярду даляраў штогод за вайсковыя базы, транзыт ды іншае. Нават за ўтрыманьне беларускага войску, паводле словаў Лукашэнкі, плаціць мусіць Расея. Пры гэтым ён заявіў, што Расея застанецца раўнапраўным саюзьнікам, але й Захад нам ніколі чужым ня будзе. (Лукашэнка: ) “Мы ніколі ня будзем у складзе ніякай дзяржавы: ні Вялікага Княства Літоўскага, ні Расейскай Імпэрыі”. Дэпутаты “Палаты прадстаўнікоў” не задалі на сэсіі аніводнага пытаньня Лукашэнку. Верагодна, пытаньні былі перанесеныя на банкет. Валер Каліноўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |