RFE/RL |
Чацьвер, 12 Кастрычніка 2000 |
Сёньня: |
Спынена крымінальная справа паводле фактаў фінансавых парушэньняў у часопісе “Крыніца”. Паводле зьвестак зь міліцыі, былы рэдактар часопісу паэт Уладзімер Някляеў дабрахвотна кампэнсаваў нанесеныя дзяржаве страты. Аднак пытаньне, у якой краіне будзе далей жыць паэт Някляеў, застаецца адкрытым. Вядомы паэт Уладзімер Някляеў, які летась зьехаў за мяжу й жыў спачатку ў Польшчы, а потым ў Фінляндыі, вярнуўся ў Менск. Дакладна невядома, з чым зьвязанае гэтае вяртаньне, і як доўга паэт застанецца на радзіме. Сам ён размаўляць на гэтую тэму адмаўляецца і, увогуле, не дае ніякіх інтэрвію. Паводле адной з вэрсіяў, паэт прыехаў дадому, каб выправіць пашпарт, тэрмін дзеяньня якога сканчаўся. Між тым, удалося даведацца, што магчымасьці для вяртаньня Ўладзімера Някляева, сапраўды, зьявіліся, бо ўжо спыненая крымінальная справа паводле парушэньняў у часопісе “Крыніца”, які ён рэдагаваў. Сёньня сьледчы ў асабліва важных справах гарадзкога сьледчага камітэту міліцыі Яўген Архірэеў пацьвердзіў гэтую інфармацыю. (Архірэеў: ) “Справа была ўзбуджаная паводле вынікаў спраўджаньня гаспадарча-фінансавае дзейнасьці часопісу “Крыніца”, якую раней праводзіў Камітэт дзяржаўнага кантролю. Гэта было сёлета ўвесну, але не ўдалося пацьвердзіць дадзеныя спраўджаньня, і таму справу закрылі. Паводле яе нікому нават не прад’яўлялася абвінавачваньне, у тым ліку й былому рэдактару Ўладзімеру Някляеву. Праўда, раней пэўныя фінансавыя прэтэнзіі да яго, сапраўды, былі, але гэта былі парушэньні не крымінальнага характару і ён страты кампэнсаваў”, — паведаміў радыё Свабода сьледчы ў справе часопісу “Крыніца” Яўген Архірэеў. Закрыцьцё крымінальнае справы, аднак, не азначае, што Ўладзімер Някляеў зноў, як і раней, будзе жыць на радзіме. Паводле зьвестак былых калегаў Уладзімера Някляева па часопісу “Крыніца”, паэт яшчэ не растраціў той грант, які дазволіў яму апошнія паўгоды жыць і працаваць у Фінляндыі, і таму ня выключана, што ён туды вернецца, як толькі атрымае новы пашпарт. Сам Уладзімер Някляеў гэтыя зьвесткі ані абвяргаць, ані пацьвярджаць не пагадзіўся. Ён заявіў нашаму радыё, што першае інтэрвію наконт свайго жыцьця за мяжою ён абяцаў даць адной з апазыцыйных газэтаў, якая першай напісала пра ягоны ад’езд зь Беларусі, але час для гэтага інтэрвію нібыта пакуль не настаў. Нагадаю, былы рэдактар часопісу “Крыніца” й старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Ўладзімер Некляеў зьехаў за мяжу мінулым летам. Пра ягонае жыцьцё ў Польшчы вядома, што спачатку паэт жыў у вельмі цяжкіх умовах, а потым нават здымаў пакой у гатэлі. А ў пачатку году ў “Народнай Волі “ было зьмешчанае першае замежнае інтэрвію са спадаром Някляевым, у якім ён вельмі актыўна крытыкаваў парадкі ў Беларусі. Алег Грузьдзіловіч, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |