RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 12 Кастрычніка 2000

Сёньня:



Прызнаньне або непрызнаньне легітымнасьці новага беларускага пралямэнту шмат у чым будзе вызначацца пазыцыяй парлямэнцкае “тройкі” — гэта значыць ПА АБСЭ, Рады Эўропы і Эўрапарлямэнту. Афіцыйны візыт прадстаўнікоў “тройкі” ў Беларусь заплянаваны на пэрыяд з 12 па 17 кастрычніка. Але сёньня ў Менск прыбыў прадстаўнік толькі аднае з трох міжнародных арганізацыяў Адрыян Севярын.

У другой палове дня 12 кастрычніка ў Менск прыляцеў кіраўнік адмысловае рабочае групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын, які раней неаднаразова наведваў краіну. Але сёньня спадар Севярын упершыню зьявіўся ў Менску, як старшыня Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, — на гэтую пасаду ён быў абраны ў ліпені.

Узяцца адразу ж за справы спадару Севярыну не прыйшлося, паколькі спазьняюцца ягоныя партнэры па “тройцы” Вольфганг Бэрандт (дакладчык у справах Беларусі ПА Рады Эўропы) і Ян Вірсма (кіраўнік падкамітэту ў справах Беларусі Эўрапарлямэнту. Яны прыбудуць у Менск толькі ў пятніцу. І таму папярэдняя праграма знаходжаньня ў Беларусі высокіх міжнародных чыноўнікаў цяпер тэрмінова зьмяняецца. Напрыклад, сустрэча тройкі з Кансультацыйнай радаю апазыцыйных палітычных партыяў, якая мусіла была пачацца ўранку 13 кастрычніка, адбудзецца толькі ўвечары.

Акрамя таго, адміністрацыя Лукашэнкі пакуль не дае яснага адказу, з кім будуць сустракацца міжнародныя чыноўнікі. Паводле самых апошніх зьвестак, пакуль вырашана толькі, што іх будзе абавязкова прымаць міністар замежных справаў Урал Латыпаў. Сярод іншых называюць прозьвішчы Лукашэнкі, Ярмошына, Мясьніковіча.

У папярэдняй праграме заплянаваныя таксама сустрэчы “тройкі” зь Лідзіяй Ярмошынай, прадстаўнікамі праваабарончых арганізацыяў, аналітычных цэнтраў, Цэнтральнае каардынацыйнае рады грамадзкіх аб’яднаньняў у назіраньні за выбарамі ды іншымі.

А сёньня ў Адрыяна Севярына толькі адна праграма — ён вячэрае з акрэдытаванымі ў Беларусі амбасадарамі краінаў, што ўваходзяць у Парлямэнцкую асамблею АБСЭ. На просьбу пра інтэрвію старшыня ПА АБСЭ адказаў, што яму яшчэ трэба агледзецца ў Беларусі.

Уладзімер Глод, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org