RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 11 Кастрычніка 2000

Сёньня



З пачаткам датэрміновага галасаваньня ў Палату прадстаўнікоў найбольшая актыўнасьць назіраецца ў працаўнікоў выканкамаў, якія адказваюць за вынікі кампаніі. Паведамленьне зь Віцебску

Сёньня ўжо з раніцы ў навучальных установах раздаліся тэлефонныя званкі: чаму марудна галасуюць выкладчыкі і адміністрацыя? Ідзе ціск, каб большасьць прагаласавала датэрмінова. За апошні месяц праведзена некалькі нарадаў у абл- гар- і райвыканкамах, на якіх ставіліся дзьве задачы: забясьпечыць яўку выбаршчыкаў і выбраць патрэбных кандыдатаў.

У аблвыканкаме назвалі прозьвішчы тых, хто павінен быць абраным. Па Віцебску, напрыклад, гэта цяперашнія дэпутаты Валеры Аляксандраў, Мікалай Бялоў, Віктар Бурак і старшыня гарадзкой арганізацыі Беларускага зьвязу ветэранаў вайны ў Аўганістане Сяргей Карпетчанка, па Аршанскай гарадзкой акрузе — дырэктар школы-гімназіі Уладзімер Печанькоў, па Лепельскай і Полацкай вясковых — таксама цяперашнія дэпутаты спадары Ананьеў і Сасонка.

Гэтая інфармацыя падцьвярджаецца і ходам перадвыбарчай кампаніі. Так, напрыклад, намесьніку дырэктара вытворчага аб’яднаньня “Віцязь” Аляксандру Раеву супрацоўнікі акцыянернага таварыства “Веста” заявілі, што яны ведаюць за каго галасаваць. Аднак назваць прозьвішча не змаглі, пакуль сам спадар Раеў не нагадаў прозьвішча Віктара Бурака.

Людзі, звязаныя з наменклатурай, былы старшыня гарыканкама Захаранка, супрацоўнік аблвыканкама Герашчанка, камуніст-“чыкінец” Здзесеў пачалі здымаць свае кандыдатуры і рэкамендаваць электарату, за каго аддаць іхныя галасы. У мясцовых газэтах зьявіліся матэрыялы ў падтрымку менавіта вышэй названых кандыдатаў ад улады. Таму на высілкі чэмпіёна Алімпіяды баксёра Вячаслава Яноўскага, які нават прабіўся на расейскі тэлеканал, адказныя таварышы толькі іранічна ўсьміхаюцца.

Але галоўная задача ўладаў — забясьпечыць яўку. Учора й сёньня са студэнтамі віцебскіх ВНУ праводзяцца сходы з адной мэтай — усе на выбары. Выкладчыкі уніврсытэта ідуць агітаваць, а на пытаньне “Навошта?” адказваюць: “Загадалі!”. Прарэктар таго ж універсітэта Дарафееў жорстка папярэдзіў двух сябраў “Маладога фронту”, што яны будуць выключаныя за антыагітацыю. Дайшло да прамых парушэньняў закону: у інтэрнаце № 1 Мэдунівэрсытэту нават павесілі аб’яву: хто не пойдзе на выбары — будзе выселены з пакою.

Абласная каардынацыйная Рада па назіраньню за выбарамі адправіла усім кіраўнікам навучальных установаў лісты з папярэджаньнямі аб адказнасьці за незаконныя дзеяньні.

Алег Жукоўскі, Віцебск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org