RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 11 Кастрычніка 2000

Сёньня



Чым бяднейшымі становяцца людзі, тым радзей яны карыстаюцца паслугамі таксі. У выніку таксаматорныя паркі Беларусі ўсё часьцей становяцца банкрутамі. Кіроўцы менскага таксапарку “Легаўтатранс” незадаволеныя нізкімі заробкамі й цяжкімі ўмовамі працы і не выключаюць, што будуць вымушаныя пайсьці на акцыю пратэсту

Сёньня ўранку ля прахадной “Легаўтатрансу” кіроўцы таксовак адкрыта выказвалі незадаволенасьць нізкімі заробкамі і ўмовамі працы.

(Голас: ) “Такое стаўленьне да чалавека, як пры прыгонным праве. Гэтыя 17 пунктаў штрафу… З чаго яны бяруцца, калі заробак – 7 тысячаў і 10 – аванс?”

(Гаворыць кіроўца Віктар Мялешка: ) “Усё менш і менш людзей карыстаюцца таксоўкамі, і таксоўнікам усё складаней выконваць плян, а таму няма й прыстойных заробкаў”.

(Гаворыць кіроўца Гіп: ) “Плян сёньня невыканальны. Нерэальны плян. Нерэальны. Чалавек павінен працаваць 15-17 гадзінаў. І мужчына атрымлівае заробак, меншы як у жонкі. Прыходзіш дадому, а жонка пытаецца: што ж ты, дарагі, прынёс?”

(Карэспандэнт: ) “А ці ёсьць у вас прафсаюз?”

(Гіп: ) “У нас ёсьць такое ОАО і мы нікуды ня можам паскардзіцца”.

Але ягоны калега Віктар Мялешка не выключае, што, калі заробкі не павялічацца, дык кіроўцы мусяць наладзіць страйк.

Цяпер ў аўтапарку “Легаўтатранс” вялікая кадравая цякучасьць. Летась зволіліся 580 кіроўцаў. А тыя, хто прыходзяць, працуюць па некалькі месяцаў. Генэральны дырэктар “Легаўтатрансу” Іван Малашэвіч распавёў, што сёньня ён можа ўзяць на працу каля 500 кіроўцаў:

(Малашэвіч: ) “Вядома, народ зьбяднеў. Гэта не сакрэт, што зараз людзі менш езьдзяць на таксоўках. Напрыклад, учора зволіўся кіроўца, які адпрацаваў у таксапарку 28 гадоў. Ён набыў машыну, і пачаў займацца прыватнымі перавозкамі. У іншых аўтапарках сытуацыя ня лепшая, а ў рэгіёнах — значна горшая. Там засталося каля 30 адсоткаў аўтамабіляў”, — зазначыў дырэктар “Легаўтатрансу” Іван Малашэвіч.

На ягоную думку, праблема таксапаркаў у тым, што йснуе розьніца паміж падаткаабкладаньнем таксаматорных прадпрыемстваў і прыватных кіроўцаў. Прыватныя таксоўшчыкі плацяць падаткі памерам пяць мінімальных заробкаў штомесяц, а плацяжы на кожнага кіроўцу таксапарку ў 8-9 разоў большыя.

Пры гэтым кіраўнік прадпрыемства разумее, што йдзе працэс паступовага зьбядненьня й страты былых пазыцыяў некалі буйнога таксапарку і павялічэньне прыватнага бізнэсу.

Ганна Соусь, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org