RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 11 Кастрычніка 2000

Сёньня



Кіраўніцтва Маладога Фронту падвяло сёньня першыя вынікі сваёй жартоўнай акцыі пад назваю “Вырабы-00”, якая праводзіцца ў рамках кампаніі байкоту восеньскіх выбараў. Паводле словаў лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца, арганізатары акцыі “Вырабы” хацелі празь сьмех паказаць грамадзянам Беларусі, што галасаваньне 15 кастрычніка насамрэч ня ёсьць сапраўднымі выбарамі.

Памяшканьне Ўправы БНФ, дзе сёньня праходзіла прэсавая канфэрэнцыя, нагадвала стылізаваны выбарчы ўчастак для датэрміновага галасаваньня. На сталах былі раскладзеныя найбольш абсурдныя праграмы кандыдатаў у дэпутаты гэтак званае “Палаты прадстаўнікоў”, побач стаяла некалькі сьметніцаў, якія замянялі скрыні для галасаваньня. У гэтыя кошыкі кіраўнікі Маладога Фронту апускалі ўлёткі з праграмамі кандыдатаў паводле своеасаблівага рэйтынгу (першае месца займалі праграмы з найбольш сьмешнымі ды абсурднымі словамі).

Сярод 45 перадвыбарчых улётак кандыдатаў, сабраных сябрамі МФ, і сапраўды ёсьць тэксты даволі дзіўнага зьместу. Так напрыклад, адзін з кандыдатаў паведамляе ў сваёй біяграфіі, што быў ня толькі рабочым і вядучым інжынэрам, але й “кандыдатам у касманаўты”; іншы сьцьвярджае, што пражыў “складанае жыцьцё разам з бальшынёю сваіх выбаршчыкаў”… А вось кіраўнік закрытага акцыянэрнага таварыства “Праваслаўная ініцыятыва” Ўладзімер Чартовіч, які выдаў кнігі пад красамоўнымі назвамі “Вайна па законах нізасьці”, “Праваслаўе або сьмерць” і “Чорная сотня” заклікае ўсіх прагаласаваць за яго — праваслаўнага чалавека.

Сябры Маладога Фронту старанна зьбіралі падобныя ўлёткі, а пасьля зачытывалі іх выбаршчыкам на сваіх пікетах. Паводле словаў спадара Севярынца, улады актыўна перашкаджалі ім у правядзеньні акцыі “Вырабы”. За два тыдні міліцыяй было затрымана больш як 20 актывістаў Маладога Фронту. Нягледзячы на гэта, паводле словаў Паўла, акцыя прайшла пасьпяхова. Гаворыць спадар Севярынец:

(Севярынец: ) “Гэтая акцыя ськіраваная зусім не на тое, каб проста пасьмяяцца. Гэта сур’ёзная палітычная кампанія – зьмяніць стаўленьне да гэтых выбараў. Рэч у тым, што кампанія байкоту, распачатая аб’яднанай апазыцыяй, у нечым эфэктыўна працуе на пэўны сэгмэнт выбарчшыкаў, але астатняя частка застаецца непадуладным гэтым зваротам, масавым шысьцям. Мы выйшлі працаваць на ўсе 100 адсоткаў грамадзтва і разбураць стэрэатып, што ў Беларусі праводзяцца выбары, і менавіта празь сьмех.”

Паводле словаў Севярынца, сябры Маладога Фронту возьмуць актыўны ўдзел у акцыі апазыцыі 14 кастрычніка, аднак ні ў якім выпадку не зьбіраюцца йсьці на пляц Бангалёр…

Днямі сем маладзёвых арганізацыяў, сярод якіх Малады Фронт, Маладая Грамада, маладзёвая фракцыя АГП ды іншыя выступілі з супольнай заяваю “Супраць выбарчага фарсу. За свабодныя выбары”. Гэтая ж маладзёвая кааліцыя мае намер, пачынаючы зь лістападу, правесьці ў Менску шэраг палітычных акцыяў.

А сёньня ўвечары Малады Фронт заплянаваў акцыю на менскім стадыёне “Дынама” ў часе футбольнага матчу паміж зборнымі Беларусі ды Арменіі. Маладыя фронтаўцы падрыхтавалі для заўзятараў улёткі з надпісам “Сёньня зробім Арменію — у суботу падфутболім дыктатуру!” і з заклікам прыйсьці 14 кастрычніка а 15-й гадзіне да Акадэміі навук.

Альгерд Невяроўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org