Амбасадар ЗША ў Пастаяннай Радзе Арганізацыі ў справе бясьпекі і супрацоўніцтва
ў Эўропе Дэвід Джонсан выказаў заклапочанасьць сытуацыяй у Беларусі і выказаў
меркаваньне, што “у цяперашніх умовах цяжка зразумець, якім чынам у Беларусі
могуць адбыцца вольныя, справядлівыя і празрыстыя выбары”.
Як паведамляе Інтарфакс, Дэвід Джонсан заявіў, што, ўлічваючы “арышты
людзей, якія выступаюць за байкот выбараў, прысутнасьць міліцыі і відэакамэраў
на дэманстрацыях, адмову ў рэгістрацыі прадстаўнікам апазыцыі паводле такіх
нязначных прычынаў, як не прыгаданае ў дэклярацыі атрыманьне сумы, эквівалентнай
палове амэрыканскага даляру, мы павінныя пагадзіцца з высновай Бюро ў справе
дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, што мірны пэрыяд не дасягнуты”.
Амбасадар ЗША ў Пастаяннай Радзе АБСЭ Дэвід Джонсан перакананы, што
Трэцяя тэхнічная канфэрэнцыя эўрапейскіх інстытутаў у Вене 30 жніўня мела
рацыю, калі выказала рэкамэндацыю устрымацца ад назіраньня за гэтымі выбарамі,
і ніхто не павінен “тэндэнцыйна тлумачыць прысутнасьць міжнародных экспэртаў
як іх легітымізацыю”.
У сваім выступе ў Пастаяннай Радзе АБСЭ Дэвід Джонсан заклікаў прадстаўнікоў
Бюро ў справе дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, Кансультацыйна-назіральную
групу АБСЭ ў Менску і парляманцкую “тройку” зрабіць сумесную заяву, у якой
прагучала б праўдзівая ацэнка дзеяньняў беларускіх уладаў ў справе выкананьня
міжнародных стандартаў.
|