RFE/RL |
Серада, 11 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
Старшыня Жодзінскае рады БНФ Аляксей Лапіцкі зьвярнуўся з афіцыйнай заяваю ў мясцовую міліцыю, у якой запатрабаваў расьсьледваньня факту публічнага зьбіцьця тутэйшымі прыхільнікамі расейскага профашыстоўскага руху “РНЕ” ягонага 14-гадовага сына Алеся… Хлопца зьбілі 8 кастрычніка блізу таго месца, дзе апазыцыянэры праводзілі сустрэчу з выбаршчыкамі. Як распавёў Аляксей Лапіцкі, зьдзек над ягоным сынам адбываўся на вачох многіх зямлякоў. І сярод іх ёсьць людзі, што пацьвердзяць згаданы факт. Паводле Аляксея Лапіцкага, жодзінскія “баркашоўцы” раней нічым адметным сябе не выяўлялі. Актыўнасьць іхная выявілася за два дні да згаданай акцыі апазыцыі. (Лапіцкі: ) “На штаб-кватэру адбыўся напад. Павыбівалі шыбы, разьбілі званок. Рабіліся брудныя тэлефанаваньні. Яны і зараз працягваюцца. Нашыя хлопцы, які носяць значкі ТБМ, сустракаліся ў дварах час ад часу з гэтымі брытагаловымі і атрымоўвалі пагрозы. Часам ім дапамагалі вызваліцца звычайныя людзі”. Камэнтуючы жодзінскія падзеі, старшыня Менскай абласное філіі БНФ Валянцін Баранаў паведаміў пра яшчэ адзін адметны факт, гэтым разам — у Мар’інай Горцы, напярэдадні сталічнага “Маршу Свабоды – 3”. (Баранаў: ) “Алесю Васьковічу з Мар’інай Горкі быў накіраваны ліст з пагрозай - спыніць дзейнасьць у БНФ. Алесь Васьковіч – старшыня Пухавіцкай рады БНФ. Партыі і руху”. Паводле ягоных дадзеных, на Меншчыне ўтварэньні баркашоўцаў ёсьць ня толькі ў Жодзіне й Мар’інай Горцы, а яшчэ — у Барысаве, Слуцку, Клецку й Крупках. Звычайна філіі налічваюць па некалькі дзясяткаў чалавек. А ўзьнікаюць яны там, дзе базуюцца або раней базаваліся вайсковыя часткі зь пераважнай колькасьцю афіцэраў расейскага паходжаньня. Многія зь іх даўно сыйшлі ў адстаўку й дажываюць век у вайсковых гарадкох. Мясцовыя ж улады, якія праводзяць лукашэнкавую прорасейскую палітыку, да дзейнасьці расейскіх нацыстаў ставяцца ляяльна. Гэта пацьвярджае і Аляксей Лапіцкі: (Лапіцкі: ) “Мы назіралі на Маршы Свабоды, у нас зафіксаваныя здымкі, калі некаторыя з гэтых брытагаловых размаўляюць з супрацоўнікамі КДБ, уважліва слухаюць іхныя інструкцыі, а потым пачынаюць дзейнічаць. І на вачах міліцыянтаў рабілі хуліганскія ўчынкі. Калі адбыўся выпадак з нашым юнаком, мы падыйшлі блізка да тых хлопцаў, хацелі разабрацца, але падышлі міліцыянты, якія паводзілі сябе такім чынам, быццам абараняюць брытагаловых”. Паводле Валянціна Баранава, нацысты трэніруюцца ў лепшых спартовых залях, даволі часта зьяжджаюцца ў Крупкі, блізу якіх праводзяць свае вучэньні й спаборніцтвы. Адметна, што, напрыклад, у Барысаве, дзе йснуе спартова-патрыятычны клюб “Волат”, які аб’ядноўвае нацыянальна сьведамую моладзь, расейскія нацысты з “РНЕ” не адважваюцца на цкаваньне дэмакратычнай апазыцыі. “Напрыклад, прысутнасьць на барысаўскай акцыі 8 кастрычніка “волатаўцаў” не дазволіла групе баркашоўцаў сарваць гэтую акцыю”, — зазначыў спадар Баранаў. (Навумчык: ) “Русское Национальное Единство ў Расеі выступае за аднаўленьне імпэрыі. Для РНЕ ў Беларусі гэтая мэта ўвасабляецца ў ліквідацыі беларускай незалежнасьці, што цалкам, дарэчы, супадае з імкненьнямі Аляксандра Лукашэнкі. Які, прыгадваем, знайшоў аднойчы камплімэнтарныя словы для Гітлера. Ніколі не былі прыхільнікамі беларускай Незалежнасьці і большасьць супрацоўнікаў КГБ. Яшчэ на пачатку 90 гадоў, калі ў Беларусі ўзьніклі філіі РНЕ, ў незалежнай прэсе зьяўляліся зьвесткі, што яны падтрымліваюцца структурамі КГБ. Сёньняшні матэрыял Алеся Мікалайчанкі прымушае нас больш грунтоўна прааналізаваць гэтую тэму ў адной з наступных перадачаў”. Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |