RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 11 Кастрычніка 2000

Сёньня



Працягваюцца пікеты й раcпаўсюд улётак і газэтаў з заклікам да байкоту выбараў. Сёньня ў Менску насупраць будынку КГБ, калі агітатары раздавалі газэты, іх затрымала міліцыя.

Насупраць будынку КГБ, побач з помнікам Феліксу Дзяржынскаму, супрацоўнікі міліцыі, якіх сёньня было шмат у гэтым мейсцы ў сувязі з футбольным матчам, затрымалі трох агітатараў за байкот выбараў: Андрэя Сінякова, Алеся Садоўскага і Яна Росьліка. Іх адвезьлі ў Ленінскі аддзел міліцыі ды ўтрымлівалі там да апошняга часу. Да гэтых затрыманых далучыліся яшчэ некалькі чалавек з другога пікету, які пачаўся на гадзіну пазьней. Пад час гэтай акцыі я зьвярнулася да мінакоў:

(Карэспандэнт: ) “Як Вы ставіцеся да гэтага? Ці пойдзеце на выбары?”

(Мужчынскі голас: ) “Канешне, не пайду. Стаўлюся да гэтага натуральна і нармальна. На гэтых выбарах звычайнаму чалавеку, ня тое што звычайнаму, проста нармальным людзям няма чаго рабіць. Бо гэтая Палата прымае законы, і справа ня ў тым, што яна прымае, а ў тым, што любыя законы, якія яны прымаюць, перакрэсьліваюцца ўказам прэзыдэнта. Навошта нам такі парлямэнт? Я думаю, што нам найперш трэба чакаць прэзыдэнцкіх выбараў, зваліць Лукашэнку, а пасьля гэтага рабіць нармальны парлямэнт”.

(Карэспандэнт: ) “Ці пойдзеце Вы на выбары?”

(Мужчынскі голас: ) “Не, не. А што там рабіць? На вёску паеду, маці памагу лепш”.

(Карэспандэнт: ) “Вы футбольныя фанаты?”

(Галасы: ) “Так, так”.

(Карэспандэнт: ) “Пойдзеце на выбары?”

(Голас: ) “Пойдзем, не пытаньне. Усё зробім.”

(Голас паджылай жанчыны: ) “Пойду. Таму што гэта абавязак. Трэба прагаласаваць.)

(Голас паджылага мужчыны: ) “Трэба, відаць. Трэба абіраць, таму што гэта грошы народныя”.

(Голас маладога чалавека: ) “Ну, я прачытаю плякацікі гэтыя, а пасьля – паглядзім. Шчыра кажучы, я на апошнія не хадзіў. Ды й на гэтыя асаблівага жаданьня йсьці няма”.

(Голас мужчыны: ) “Не пайду, бо я лічу, што зараз у руля краіны стаіць магілеўская банда злачынцаў. А гэта… Не пайду за іх!”

(Голас маладога чалавека: ) “Не, ня пойдзем! Байкот – 2000”

А 9-й гадзіне ўвечары ўсіх затрыманых адпусьцілі, а газэты сканфіскавалі.

Любоў Лунёва, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org