RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 11 Кастрычніка 2000

Сёньня



Экспэрты міністэрства эканомікі лічаць нявыгаднай пастаўку ў Беларусь кубінскага цукру на тых умовах, які прапаноўвае кубінскі бок. Тым ня менш, крыніца карэспандэнта Радыё Свабода паведамляе, што Аляксандар Лукашэнка выдаў загад рыхтаваць адпаведнае пагадненьне з кубінскім урадам…

Пра тое, што праект абмену кубінскага цукру на беларускія ўгнаеньні забракавалі спэцыялісты зь Міністэрства эканомікі Беларусі і шэрагу прадпрыемстваў афіцыйныя СМІ не паведамлялі.

Паводле дакумэнтаў, якія патрапілі мне ў рукі ад дасьведчанай крыніцы, супраць ідэі пагадненьня, прывезенай Аляксандрам Лукашэнкам з Гаваны, выступілі ня толькі спэцыялісты зь мінэканомікі, але й экспэрты Гарадзенскага аб’яднаньня “Азот” і аб’яднаньня “Беларуськалій”.

Пра непазьбежныя страты таксама паведамілі канцэрн “Белдзяржхарчпрам” і фірма “Белая Русь”. Гэта ім давядзецца перапрацоўваць і прадаваць кубінскі цукар.

Паводле падлікаў спэцыялістаў, у выніку ўгоды Беларусь страціць ня менш як 5 мільёнаў даляраў. І гэта пры ўмове, што кубінскія партнэры выканаюць свае абавязацельствы. Калі не, дык страты будуць яшчэ большымі.

Рэч у тым, што кубінцы прапаноўваюць прадаваць цукар па коштах, значна вышэйшыя за ўсясьветныя. На міжнародным рынку тона цукру-сырцу каштуе 250 даляраў. Кубінцы запатрабавалі цану 307 даляраў за тону. Між тым, будуць страты ад дастаўкі і перапрацоўкі кубінскага цукру. Пра гэта папярэджваюць беларускія спэцыялісты і робяць выснову, што ўгода для Беларусі ня выгадная.

Страты можна было кампэнсаваць продажам на Кубу беларускіх угнаеньняў, але аказваецца, што тут чакаююцца сюрпрызы. Кубінцы патрабуюць, каб угнаеньні былі расфасаваныя ў мяхі яшчэ ў Беларусі. Што значна падвысіць сабекошт.

Другая праблема: Беларусь свае ўласныя патрэбы ў азотных угнаеньнях задавальняе толькі на 60 адсоткаў. А тут давядзецца аддаваць 70 тысячаў тонаў кубінцам.

У немэтазгоднасьці такога пагадненьня спрабавалі пераканаць Аляксандра Лукашэнкі спэцыялісты. Але атрымалі такі адказ: “Рыхтуйце пагадненьне. Куба – бедная, ёй трэба дапамагаць”. Гэтак, паводле крыніцы ў Міністэрстве эканомікі, загадаў Аляксандар Лукашэнка.

Былы прэм’ер Міхаіл Чыгір паведаміў, што ў 1995 годзе пад час ягонай сустрэчы з кубінскім міністрам замежных справаў аналягічны праект ужо абмяркоўваўся. Але тады беларускі бок устрымаўся ад нявыгаднага супрацоўніцтва, бо не было гарантыі, што кубінцы выканаюць свае абяцаньні.

(Чыгір: ) “Прапаноўваліся не паралельныя пастаўкі цукру за нашыя ўгнаеньні, а кубінцы казалі, што разьлічацца пазьней, як зьбяруць ураджай. А калі не зьбяруць? Гарантыяў не было. Цяпер яны зноўку прапаноўваюць будучы ўраджай, але гэта – самагубства. Вось што атрымліваецца, калі палітыка йдзе наперадзе эканомікі. Так не павінна быць. Спачатку павінныя працаваць спэцыялісты, а пасьля кіраўнік прымае рашэньне"

Нягледзячы на адмоўныя вынікі працы экспэртаў, работа над кубінска-беларускай дамовай працягваецца. Распачатае стварэньне сумеснага прадпрыемства для продажу кубінскага цукру ў Беларусі.

Алег Грузьдзіловіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org